17 красавіка на тры гады зьняволеньня асудзілі загадчыцу аддзяленьня гігіены харчаваньня — доктарку Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Заводзкага раёну Менску. Суд Заводзкага раёну прызнаў яе вінаватай у неаднаразовым атрыманьні хабару.
Яна мусіць сплаціць штраф 350 базавых велічынь, што складае 9450 рублёў, з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў, з адбываньнем асноўнага пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адміністрацыі Лукашэнкі расказалі, хто трапіць пад амністыю да 75-годзьдзя перамогіЯк паведамляецца на інтэрнэт-партале судоў агульнай юрысдыкцыі Беларусі, у 2019 годзе асуджаная, якую называюць Я., тройчы прымала ад прадстаўнікоў менскіх крамаў «Копеечка» і «Віталюр» «матэрыяльныя каштоўнасьці» на сумы 31 рубель 59 капеек, 21 рубель 21 капейку і 19 рублёў 4 капейкі «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў яе кампэтэнцыю».
Такім чынам, агульная цана «матэрыяльных каштоўнасьцяў», якія, паводле суду, доктарка атрымала ў якасьці хабару, склала 71 рубель 84 капейкі.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніцу, якая парвала вуха трэцяклясьніцы, суд аштрафаваў на 1890 рублёў