У сямі мэдыкаў 4-й гарадзкой дзіцячай клінічнай лякарні ў Менску выявілі COVID-19. А двух пацыентаў перавялі ў інфэкцыйную лякарню. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла супрацоўніца лякарні.
Галоўны лекар бальніцы Віталь Лужынскі ня стаў камэнтаваць гэтую інфармацыю.
УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
«Каранавірус выяўлены ў 7 мэдыкаў, зь іх адна супрацоўніца памерла ад ускладненьняў, выкліканых вірусам. Гэта супрацоўнікі алергалягічнага, пэдыятрычнага аддзяленьняў і гарадзкога афтальмалягічнага цэнтру. Але на ўзроўні адміністрацыі ўсе маўчаць. Таксама двое дзяцей з COVID-19 былі пераведзеныя ў інфэкцыйную лякарню», — сказала Свабодзе лекарка на ўмовах ананімнасьці.
Паводле яе, у лякарні ня ўсе супрацоўнікі маюць сродкі засьцярогі, мусяць іх проста «выбіваць». А аднаразовымі рэчамі карыстаюцца як шматразовымі.
«Такое адчуваньне, што ўсім усё роўна. Самае страшнае, што нехта з супрацоўнікаў прынёс вірус у адно з аддзяленьняў, і ён там распаўсюдзіўся. І асаблівых захадаў, каб засьцерагчы пацыентаў, якія знаходзяцца на лекаваньні ў гэтым аддзяленьні, прынята не было. Гэта ўсё насьцярожвае, і ты адчуваеш сябе безабаронным», — кажа лекарка.
Цяпер у лякарні плянавыя наведваньні скасавалі, але яшчэ на мінулым тыдні пацыенты прыходзілі на плянавыя агляды і кансультацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Калі пачаўся пажар — трэба самім гаcіць, а не чакаць ратавальнікаў». Хто і як дапамагае мэдыкамЛекарка кажа, што інфармацыю хаваюць на загад зьверху, каб не рабіць панікі, а мэдычныя работнікі ня хочуць працаваць без нармальных сродкаў засьцярогі і рызыкаваць ня толькі сваім здароўем, але і сваіх блізкіх.
«Я не магу цяпер гарантаваць, што я ня носьбіт вірусу, хоць я старалася нікуды не хадзіць», — сказала лекарка.
Галоўны доктар Віталь Лужынскі сказаў, што супрацоўнікі бальніцы маюць сродкі засьцярогі ў дастатковай колькасьці, атрымлівалі іх учора, сёньня, і ў панядзелак выдадуць новыя.
Як паведаміў на брыфінгу 17 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, на ўчорашні дзень, 16 красавіка, у Беларусі было пацьверджана агулам 419 выпадкаў заражэньня каранавірусам мэдыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каранік: 90 супрацоўнікаў «хуткай» у Менску заразіліся каранавірусам, у краіне ня менш за 419 інфікаваных мэдыкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Хто ня хоча, хай пішуць заявы». Беларускія школьнікі пачнуць вучыцца з 20 красавіка