«Мы гуляемся ў дактароў, якія шукаюць лекі ад вірусу». Натхняльныя парады пра самаізаляцыю зь дзіцем ад мастачкі Волі Кузьміч

Мастачка Воля Кузьміч стварае сьвет мабільных гульняў. Яна працуе ў ІТ-кампаніі, а яшчэ вельмі любіць ілюстраваць кнігі і рабіць арт-праекты.

Адмыслова пад карантынныя часы Воля стварыла сэрыю дзіцячых кніг-размалёвак «Як прыручыць». Кожны ахвотны можа спампаваць тры кнігі ў фармаце А4, раздрукаваць і пачаць размалёўваць.

«Дзіцячы мастацкі фэстываль на самаізаляцыі»

«Ужо чацьвёрты тыдзень, як з прычыны распаўсюду вірусу мы перайшлі на дыстанцыйную працу. З намі дома застаўся Леў, і пошук новых заняткаў для яго — сапраўдны выклік, — расказвае Воля. — Я дастала сваю скрыню з матэрыяламі для майстар-клясаў. Там усе размалёўкі, алоўкі і фламастары. І для Льва атрымаўся цэлы фэстывальны дзень. Менавіта тады ў мяне і нарадзілася ідэя даць магчымасьць кожнаму, хто вымушаны заставацца ў гэтыя дні дома зь дзецьмі, раздрукаваць мае міні-кнігі і памаляваць».

Вольга кажа, што рэакцыя людзей яе вельмі ўсьцешыла. Цяпер ёй дасылаюць фатаздымкі, як дзеці размалёўваюць яе кніжкі. Мастачка кажа, што атрымаўся «дзіцячы мастацкі фэстываль на самаізаляцыі».

Калекцыя размалёвак «Як прыручыць» нарадзілася з мастацкіх майстар-клясаў, які праводзіць Вольга на фэстывалі Bookids. У яе ўжо ёсьць малыя прыхільнікі, якія наведваюць кожную такую імпрэзу. Менавіта для іх яна штораз рыхтуе новую размалёўку.

«Першая — „Як прыручыць ільва“ — натхнёная маім сынам Львом і маімі катамі! Аснова любога прыручэньня — гэта любоў, уменьне слухаць і назіраць. Я ж ад сябе яшчэ дадаю — уменьне намаляваць. І ў выніку адбываецца цуд: звычайны свойскі кот ператвараецца ў сапраўднага льва!» — кажа Воля.

Наступны сюжэт у калекцыі — «Як прыручыць дыназаўра», там таксама тры кароткія ўмовы, пры якіх малы дыназаўр можа ператварыцца ў магутнага цмока.


Нарэшце, трэцяя размалёўка — «Як прыручыць плянэту» — гэта рэкамэндацыі для самых малых, якіх правілаў трымацца, каб Зямля заставалася чыстай, дагледжанай і радаснай, тлумачыць Вольга.

Наступная размалёўка — «Сьвінка Пэпа думае пра Беларусь»

«Мяне вельмі радуе водгук, калі бачу, што мая праца радуе людзей. Таму сьледам выкладу яшчэ некалькі карысных матэрыялаў — для наступных цікавых заняткаў дзецям і для магчымасьці бацькам спакойна папрацаваць. Мой сын вельмі любіць мультфільм пра Сьвінку Пэпу. Глядзіць і арыгінальныя англамоўныя сюжэты, і ў беларускім перакладзе. І аднойчы запытаўся: „Ці прыедзе Сьвінка Пэпа ў Беларусь?“ У мультфільме, думаю, наўрад ці. А вось у маіх малюнках — цалкам магчыма. Так у мяне нарадзіўся сюжэт „Сьвінка Пэпа думае пра Беларусь“. Яго я таксама выкладу ў выглядзе размалёўкі, там ужо ёсьць і што пачытаць, і што памаляваць».


Як і для многіх беларускіх сем’яў, самаізаляцыя для Вольжынай сям’і — выпрабавальны час. Тым, хто адказна вырашыў заставацца дома, мастачка раіць ставіцца да жыцьця так, каб не адкладаць яго «на потым»

«Жыць ужо цяпер! Дома — значыць дома! — кажа Вольга. — Мы прыдумалі сабе штодзённыя заняткі: правяраць, як рухаецца будоўля ўдалечыні, карміць птушак на падваконьні, зьвяраць тэмпэратуру на тэрмомэтры з прадказаньнямі сыноптыкаў. Сьмяяцца і гуляць разам. У тым ліку ў дактароў, якія шукаюць лекі ад гэтага вірусу. Для дзяцей важна нават такія складаныя тэмы прагаворваць і старацца зразумець праз гульні. І працы ніхто не адмяняў. Самы час сур’ёзна і шматкроць тлумачыць сыну важнасьць працы. Мы працуем, размаўляем, абдымаемся і стараемся ў кожным дні знаходзіць цікавінкі, каб разнастаіць яго. Гэта тое найменшае, што мы можам зрабіць у глябальнай праблеме з гэтым вірусам — заставацца дома і дапамагаць іншым на адлегласьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першае знаёмства было праз улётку». Гісторыя каханьня камуністкі і сына рэпрэсаванага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малое ня ведае слова «карандаш» — і яму ставяць «затрымку псыхічнага разьвіцьця». Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лягапэда
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адменены водпуск не канец сьвету». Псыхоляг раіць, як захаваць спакой падчас пандэміі