У Беларусі зьявіўся онлайн-сэрвіс для штодзённага маніторынгу сымптомаў і вызначэньня верагоднасьці заражэньня каранавірусам COVID-19. Сыстэму распрацавала кампанія Grin IT, рэзыдэнт беларускага Парку высокіх тэхналёгій.
Сэрвіс SENS MD бясплатны, на ім можна прайсьці апытаньне-дыягностыку, адказаўшы на пытаньні пра хранічныя захворваньні і наяўнасьць розных сымптомаў (кашаль, дыхавіца, галаўны боль, ламота ў цягліцах, агульная млявасьць і іншыя), па выніках якога вам паведамляюць, у якой вы групе рызыкі, і даюць парады, што рабіць далей.
Таксама сайт дазваляе карыстальніку ў далейшым штодня фіксаваць свае сымптомы, адсочваць іх дынаміку і атрымліваць рэкамэндацыі, што рабіць і ці неабходна зьвярнуцца да мэдыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аптэчка. 90 адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкіЯк адзначаюць аўтары праекту, ён створаны як «бясплатны інструмэнт для самастойнага хатняга маніторынгу сымптомаў пацыентаў, якія не патрабуюць шпіталізацыі», каб зьнізіць нагрузку на мэдычныя ўстановы.
Галоўная мэта праекту SENS MD — інфармаваць карыстальнікаў пра характэрныя для COVID-19 сымптомы. Аднясеньне пацыентаў у групу рызыкі ўмоўнае і можа быць вельмі недакладным, а рэкамэндацыі нельга разглядаць як мэдычныя заключэньні, падкрэсьліваюць аўтары праекту.
Пакуль сэрвіс працуе толькі ў дэсктопнай вэрсіі, але ўжо бліжэйшымі днямі павінна зьявіцца і мабільная. Каб карыстацца ім, трэба пазначыць імя, пад якім ваш профіль будзе захоўвацца на сайце. Іншыя дадзеныя, у тым ліку электронная пошта, не абавязковыя.