Новая плятформа Artist Gives анансавала шэраг онлайн-канцэртаў беларускіх, украінскіх і расейскіх музыкаў, у час якіх будуць зьбірацца грошы на дабрачыннасьць. Заснавальнік сэрвісу — канцэртны дырэктар гурту «ЛСП» Ян Папкоў.
Ужо анансавалі такія канцэрты:
- 18 красавіка — «Дай дарогу!»;
- 19 красавіка — Akute;
- 20 красавіка — Пётра Клюеў;
- 21 красавіка — Лера Яскевіч;
- 22 красавіка — DaKooka (Украіна);
- 23 красавіка — Антон Бэндэр (Расея);
- 24 красавіка — Mustelide;
- 25 красавіка — Shuma;
- 26 красавіка — «Мы/We» (Украіна);
- 5 траўня — Palina;
- дата пакуль ня вызначаная — Аня Жданава, «Разьбітае сэрца пацана», Uzari, O.Torvald (Украіна), Bah.Roma (Украіна).
Сэрвіс, зарэгістраваны ў Латвіі, не разьмяркоўвае грошы сам — музыкі выбіраюць, каму пойдуць ахвяраваньні гледачоў.
Так, «Дай дарогу!», Лера Яскевіч, Mustelide і Shuma ўжо вырашылі, што накіруюць грошы часопісу «Имена» на куплю сродкаў засьцярогі для беларускіх мэдыкаў (там ужо сабралі 223,5 тысячы рублёў), а ўкраінцы DaKooka і «Мы/We» — на такія ж сродкі для ўкраінскіх лекараў.
Як расказвае Tut.by, доступ да трансьляцыяў і запісаў канцэртаў бясплатны толькі цяпер, у часы пандэміі каранавірусу. Пазьней на сайце зьбіраюцца зрабіць доступ у абмен на ахвяраваньне грошай дабрачыннаму праекту. Арганізатар Artist Gives Ян Папкоў кажа, што сайт пакідае сабе 10% сабраных грошай, каб забясьпечыць працаздольнасьць праекту.
Канцэрты ня толькі там
Цяпер шэраг беларускіх музыкаў дае інтэрнэт-канцэрты. Часта выступы ладзіць праект «Арт Сядзібы» «Бясьпечны Live» — там ужо выступілі :B:N:, Akute, Алег Хаменка, Angst і іншыя. У эфіры Onliner.by ігралі J:mors, «Петля пристрастия» і Лера Яскевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Акустыка на карантыне». Вольскі ладзіць «онлайн-тур» для беларусаў розных краінаў сьветуЛявон Вольскі сам даў вялікі інтэрнэт-канцэрт на Дзень Волі, паралельна з тым каманда #БНР100 ладзіла свой сьвяточны стрым. Цяпер Вольскі ладзіць інтэрнэт-тур з унікальнымі канцэртамі для шэрагу краінаў.
Польскі інстытут у Менску тым часам запрашае да ўдзелу ў цыкле літаратурных онлайн-сустрэч «Санаторый пад клепсідрай». Сустрэчы будуць адбывацца ў прамым эфіры на старонцы ў Facebook кожны аўторак а 17.00. Першая будзе 21 красавіка з удзелам паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча — яе прысьвецяць творчасьці чэскага паэта і празаіка Чэслава Мілаша.