Што хаваюць у Докшыцах? Рэпартаж з райцэнтра, дзе шпіталь перапоўнены хворымі на пнэўманію

Хлопец у мэдычнай масцы праходзіць каля паліклінікі ў Докшыцах

Мы хацелі разабрацца, што насамрэч адбываецца ў Докшыцах. Але з раённага цэнтру з насельніцьвам 7 тысяч чалавек мы прывезьлі больш пытаньняў, чым адказаў. Свабода зьезьдзіла ў «гарачы» раён на Віцебшчыне, дзе два шпіталі цяпер прымаюць хворых на пнэўманію, а ўлады тым часам настойліва адмаўляюць праблему.

«Проста катастрофа». З такой шчыльнасьцю хворых як у Докшыцах, у Менску былі б занятыя 11 шпіталёў

Пацыент у масцы праходзіць каля раённага шпіталя

Улады лічаць, што ў Докшыцах няма нічога надзвычайнага. Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан 10 красавіка так адказала на пытаньне Свабоды пра сытуацыю ў раёне: «Чаму гэта надзвычайная сытуацыя? Гэта прагназаваная і чаканая намі сытуацыя», — сказала Богдан.

Зусім іншая думка ў жыхароў Докшыцаў.

«Вы ж зь Менску прыехалі, можа вас там пачуюць? Нам тут патрэбны карантын», — кажуць прадавачкі ў краме, якая месьціцца па дарозе да шпіталя. На ўваходзе тут антысэптык. Супрацоўнікі — у масках. На падлозе наклееныя знакі, каб людзі ў чарзе трымалі паміж сабой дыстанцыю.

Што такога здарылася ў гэтым невялікім горадзе на Віцебшчыне, што людзі просяць журналістаў напісаць пра карантын. Да нядаўняга часу тут толькі хадзілі чуткі пра перапоўнены шпіталь. Людзі з дыягназам «пнэўманія» масава паступалі спачатку ў Докшыцкую цэнтральную раённую бальніцу, а потым і ў Бягомльскую раённую бальніцу (Бягомль уваходзіць у склад Докшыцкага раёна. — РС).

8 красавіка зьвесткі пра пік пнэўманій у рэгіёне пацьвердзіла загадчыца раённай паліклінікі Валянціна Вештарт. У інтэрвію раённай газэце «Родныя вытокі» яна паведаміла, што па стане на 7 красавіка зафіксавана 85 пацыентаў з пнэўманіяй.

Балёны з кісьляродам каля раённага шпіталя

Чаму нават афіцыйныя зьвесткі пра 85 чалавек — гэта вельмі шмат? У Докшыцах жыве 7 тысяч чалавек. Агулам ва ўсім раёне — 22,4 тысячы. Калі б такая ж прапорцыя хворых на пнэўманію была ў Менску, гэта склала б 7600 чалавек. Для разуменьня, у 1-м гарадзкім клінічным шпіталі ў Менску маецца 650 койка-месцаў. То бок, былі б цалкам запоўненыя 11 такіх шпіталёў.

«Я 35 год працую тут у шпіталі і нічога падобнага тут не было, як цяпер, — распавядае мэдсястра, якая скончыла сваю зьмену і вяртаецца дахаты. — Гэта проста катастрофа».

Па яе словах, новых хворых прывозяць штодня. Але колькі дакладна цяпер ляжыць чалавек — невядома.

«Нам ніхто нічога не распавядае. І мы ведаем толькі тое, што бачым у сябе ў кабінэце. Але людзей процьма. Вам не перадаць», — кажа мэдсястра.

«Сама не выходжу і дзяцей ужо каторы тыдзень не пускаю нікуды»

Людзей на вуліцах горада вобмаль. Некаторыя прыватныя крамы і кавярні самі зачыніліся і адпусьцілі супрацоўнікаў у адпачынкі, каб перачакаць эпідэмію. Хто мае магчымасьць, стараецца не выходзіць з дому.

«Я сама не выходжу і дзяцей ужо каторы тыдзень не пускаю нікуды», — кажа па тэлефоне жанчына, чый бацька памёр ад пнэўманіі ў шпіталі пару дзён таму. Па папярэдніх аналізах ёй сказалі, што сьмерць не зьвязаная з каранавірусам. Але цяпер дактары робяць дадатковыя аналізы. Вынікі будуць у панядзелак.

Ад сваякоў на сёньня рэдакцыі вядома прынамсі пра адзін сьмяротны выпадак ад пнэўманіі толькі за апошнія суткі. Раней «Наша Ніва» пісала яшчэ пра тры сьмерці ад пнэўманіі. Сярод іх не было пацьверджаных выпадкаў каранавірусу.

Таксама Свабодзе вядома прынамсі пра дваіх чалавек, у каго пацьверджаны каранавірус. Загадчыца раённай паліклінікі казала, што выпадкі каранавірусу ў Докшыцкім раёне можна «пералічыць па пальцах».

Мы датэлефанаваліся да жанчыны з пацьверджаным каранавірусам, якая цяпер знаходзіцца ў шпіталі. Яна распавяла, што шпіталь цалкам пераабсталявалі пад прыём хворых на пнэўманіі. Хірургічнае, гінэкалягічная адзьдзяленьне — паўсюль цяпер кладуць людзей з запаленьнем лёгкіх.

Жанчына ляжыць у палаце яшчэ з адной пацыенткай, у каго пацьверджаны каранавірус. Яна толькі ведае, што ёсьць і іншыя са станоўчым тэстам на COVID-19. Але колькі іх — ёй невядома.

«Спачатку тут нават жартавалі, што гэта каранавірус дабраўся да Докшыцаў»

Мясцовыя распавядаюць, што сярод першых хворых на пнэўманію было шмат каталікоў

І наша суразмоўца, і яе суседка па палаце апошнім часам не выяжджалі за мяжу. Яны нават за межамі раёну не былі. І дзе маглі падхапіць каранавірус, яны ня ведаюць.

«Людзі пачалі хварэць з другой паловы сакавіка, — распавядае нам іншая жанчына, чые бацькі цяпер ляжаць з пнэўманіяй у шпіталі. — Хадзілі, кашлялі. Спачатку тут нават жартавалі, што гэта каранавірус дабраўся да Докшыцаў. А цяпер вось хаваемся па хатах».

Колькі жыхароў Докшыцкага раёну захварэлі на COVID-19? Колькі дакладна людзей памерлі ад пнэўманіі? У колькіх сярод іх быў каранавірус? Вось якія афіцыйныя адказы Свабодзе ўдалося сёньня атрымаць:

«Я пра лічбы гаварыць ня буду. Ёсьць хворыя ў Докшыцкім раёне, як і ў многіх іншых раёнах», — сказала намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан на пытаньне Свабоды пасьля прэсавай канфэрэнцыі 10 красавіка.

«Старшыні цяпер няма. Намесьнік па сацыяльных пытаньнях у нас у адпачынку. Супрацоўніка аддзела ідэалёгіі няма на месцы. Па тэлефоне на дадзены момант вы ні з кім не пагаворыце», — адказалі ў прыёмнай райвыканкаму.

«Я ня дам вам такой інфармацыі. Сяргей Фёдаравіч, галоўны лекар, мог бы, але ён у рэанімацыі. І працуе і кансультуе», — адказалі ў прыёмнай Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

«Калі б улады адразу казалі, як ёсьць, не было б такой сур’ёзнай праблемы»

Райвыканкам у Докшыцах

Не чакаючы парадаў ад уладаў, людзі самі даюць рады эпідэміі. Мы сустрэлі некалькі чалавек, якія ў апошні час звольніліся са шпіталя.

«Бо проста не хачу прынесьці гэтую заразу дахаты і заразіць унукаў», — неахвотна расказаў адзін зь іх.

Мужчыну не было складана звольніцца, бо ён пэнсійнага ўзросту. Але каб не эпідэмія, ён бы і далей працаваў.

«Колькі гадоў я ў шпіталі, дык касьцюмы абарончыя толькі падчас вучэньняў бачыў. Гэта трэніравалі ўцечку аміяку, ці яшчэ што. А цяпер тут усё сур’ёзна», — кажа ён.

Ён і іншыя адмаўляюцца фатаграфавацца і здымацца на відэа. Нават на пэнсіі, калі не пагражае звальненьне, людзі распавядаюць свае гісторыі, просячы не ўказваць іхных імёнаў. Не зразумела, чаго яны больш баяцца: эпідэміі, ці перасьледу з боку ўладаў.

Пакуль невядома, хто стаў нулявым пацыентам і завез каранавірус у Докшыцы. На гэты конт ёсьць толькі чуткі. Але людзі больш задаюцца пытаньнем, чаму мясцовыя ўлады сваім маўчаньнем давялі сытуацыю ў цэлым раёне да эпідэміі. Бо калі б ад самага пачатку яны паведамілі, што па горадзе распаўсюджваецца вірус, хворых было б нашмат меней.

«Людзі пачалі надзяваць маскі толькі пасьля чутак, што шпіталь перапоўнены хворымі на пнэўманію, — кажа мясцовы прадпрымальнік, які цяпер рэдка выходзіць з дому. — А каб улады адразу казалі, як ёсьць, не было б такой сур’ёзнай праблемы».

Ад рэдакцыі. Свабода працягвае сачыць за сытуацыяй з масавымі захворваньнямі ў Докшыцах і іншых рэгіёнах краіны. Калі ў вас ёсьць важная інфармацыя на гэты конт, напішыце нам у тэлеграм @svabodabelarus. Мы гарантуем поўную ананімнасьць.