На сайце Molamola.by фатограф і рэжысэр Алесь Меліхавец ініцыяваў збор грошай на рассылку інфармацыйных брашураў пра сытуацыю з пандэміяй каранавірусу.
Каб разаслаць брашуры, ён хоча сабраць 86 тысяч рублёў. Інфармацыю перадусім адрасаваць пэнсіянэрам і тым, хто ня можа атрымаць зьвесткі з інтэрнэту.
У брашуры раяць заставацца дома, мыць рукі, зьвяртацца па мэдычную дапамогу ў выпадку зьяўленьня сымптомаў COVID-19. Таксама ў праекце брашуры пералічваюцца сымптомы і даецца статыстыка распаўсюду каранавірусу (Меліхавец заявіў Свабодзе, што статыстыку будуць абнаўляць з кожным накладам улётак).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аптэчка. 90 адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкіРазьлік такі: пачаць трэба зь Менску, разаслаць брашуры па кожнай з 823 тысяч паштовых скрыняў гораду, разьвесіць 14 тысяч абвестак па пад’ездах усіх 7 тысяч шматкватэрных дамоў сталіцы. Пасьля, калі менская кампанія будзе пасьпяховай, ён зьбіраецца расклеіць абвесткі ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі.
Аўтар ідэі адзначае, што калі зьбярэцца меншая сума, то рассылка будзе зробленая на меншую колькасьць паштовых скрыняў і пад’ездаў. Але чым большымі блёкамі будзе ісьці распаўсюд, тым таньнейшым будзе распаўсюд кожнай улёткі.
Пра жыхароў вёсак, кажа Меліхавец, ён таксама думаў, але пачаць вырашыў менавіта зь Менску, дзе найбольш хворых.
Чаму таго, што кажуць на тэлевізіі і радыё недастаткова? Меліхавец кажа Свабодзе, што «тыя ракурсы, зь якіх апошні час падаецца інфармацыя ў дзяржаўных СМІ можна назваць дзіўнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Усе беленькія-маленькія». Яшчэ адзін рэцэпт Лукашэнкі ад каранавірусуАдэкватная інфармацыя, якая даводзіцца сваечасова, можа выратаваць шмат жыцьцяў, адзначае ён. «Народныя» сродкі і парады Лукашэнкі кшталту лазьні і працы ў полі могуць зрабіць імунітэт мацнейшым, але «зараз час не прафіляктыкі, а актыўных дзеяньняў у барацьбе зь вірусам».
Ці ня позна рассылаць парады зараз, калі вірус ужо шырока і хутка распаўсюджваецца па краіне?
«Я лічу, што зараз — самы час, — адказвае Меліхавец. — Піку эпідэміі ў Беларусі яшчэ толькі чакаюць і, магчыма, менавіта зараз такія захады, як інфармаваньне насельніцтва, могуць даць найбольшую карысьць, прадухіліць распаўсюд эпідэміі. У кантэксьце кампаніі па паштовай рассылцы, канешне, ідэальна было б, калі б сродкі былі на масавы распаўсюд, на ўсе кватэры, каб інфармацыя дайшла да кожнага».