Міністэрства здароўя Беларусі разаслала аптэкам ліст з подпісам намесьніцы міністра Алены Богдан. Паводле рашэньня Мінздароўя, з 10 красавіка па 1 ліпеня абвешчаныя абмежаваньні на продаж некаторых лекаў і сродкаў аховы ад інфэкцый.
Цяпер у аптэках пакупнікам у адны рукі можна набыць ня больш за:
40 таблетак парацэтамолу,
40 таблетак арпэтолу,
20 капсул прэпарату флустоп,
2 дэзынфэктары для рук аб’ёмам да 100 мл,
дызынфэктар аб’ёмам менш за 1 літар — 1 штуку,
10 масак,
5 пар пальчатак.
Намесьніца генэральнага дырэктара РУП «Белфармацыя» Алена Ганчарова заявіла Свабодзе, што гэта вымушаная мера, бо пачаўся нездаровы ажыятаж: людзі запасаюцца лекамі, сродкамі абароны, скупляюць іх у аптэках:
«Народ пачаў масава скупляць лекі, займацца самалячэньнем, так і да каранавірусу не дажыве — печань пасадзіць».