У Горадні каля 70 сьвятароў сабраліся на Вялікі чацьвер. ФОТА

Дэкарацыі пячоры, дзе пахавалі Хрыста

Ксяндзы з усёй Горадзенскай дыяцэзіі сабраліся ў Фарным касьцёле ў Горадні на адмысловай імшы Вялікага чацьвярга перад Вялікаднем.

Біскуп Аляксандар Кашкевіч адзначыў, што з аб’ектыўных прычын сёлета сабралася нашмат менш сьвятароў, чым звычайна.

Біскуп Аляксандар Кашкевіч

«Але нашая сьвядомасьць, што мы абраныя і пакліканыя, пачуцьцё радасьці і ўдзячнасьці, якія напаўняюць нашыя сэрцы, прага служыць Богу і людзям як мага больш верна і рупліва, як заўсёды, глыбокія і шчырыя», — сказаў ярарх.

Урачысты ўваход у касьцёл перад службай Вялікага чацьвярга

Вялікі чацьвер называюць «прафэсійным сьвятам» сьвятароў. У гэты дзень увечары касьцёл успамінае Тайную вячэру, калі Хрыстос апошні раз сабраў апосталаў перад сьмерцю. На ранішняй адмысловай імшы адзін раз на год асьвячаюць алей, якія пазьней выкарыстоўваюць у тым ліку для хросту, а таксама пасьвячэньня сьвятароў і біскупаў.

На століку — алей для асьвячэньня

Падчас богаслужэньня сьвятары аднавілі свае сьвятарскія абяцаньні. Біскуп Аляксандар Кашкевіч заклікаў вернікаў маліцца за сьвятароў.

Манашкі ўдзельнічаюць у імшы

Некаторыя вернікі прыйшлі ў масках, ёсьць пажылыя людзі

Нягледзячы на вялікую грамаду, людзей значна менш, чым штогод у Вялікі чацьвер

Падчас імшы маліліся за сьвятароў, якія сёлета адышлі: ксяндза Алега Дуля з Ваўкавыска і ксяндза Паўла Барысевіча з Наваельні

Падобныя набажэнствы штогод зьбіраюць каталіцкіх сьвятароў у катэдральных касьцёлах розных краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У клірыка праваслаўнай царквы ў Менску знайшлі каранавірус