Міністэрства аховы здароўя Чэхіі: найгоршае прадухілілі, можам вяртацца да нармальнага жыцьця

Адам Войцех

Некантраляваны распаўсюд COVID-19 у Чэхіі спынены, і ўлады могуць пачынаць падрыхтоўку да паступовага вяртаньня да нармальнага жыцьця. Пра гэта ў сераду, 8 красавіка, заявіў міністар аховы здароўя Адам Войцех.

Паводле аналізу міністэрства, да канца красавіка колькасьць пацыентаў з каранавірусам у краіне дасягне 10600 чалавек. Пры гэтым два тыдні таму міністэрства прагназавала, што колькасьць іх дасягне 14000 чалавек. Гэта азначае, што прынятыя захады далі эфэкт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стамілася баяцца». Хто робіць добрыя справы падчас пандэміі

«Навіны пазытыўныя. Чэская Рэспубліка прадухіліла найгоршы сцэнар, які адбыўся, напрыклад, у Італіі, Гішпаніі ці ЗША. Нам удалося спыніць некантраляваны распаўсюд захворваньня і засьцерагчы сваю сыстэму аховы здароўя ад перагрузкі. Цяпер мы можам рыхтавацца да паступовага вяртаньня да нармальнага жыцьця», — сказаў Войцех.

Паводле яго, распрацоўка адпаведнага пляну ўжо пачалася. На думку міністра, хуткага вяртаньня да ранейшага жыцьця ня будзе. Насіць маскі і захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў два мэтры давядзецца яшчэ некалькі тыдняў або і месяц.

«Мы не павінны дапусьціць, каб усё, чаго мы дамагліся за гэты час, адправілася ў сьметнік. Ня можам дапусьціць прыходу другой хвалі эпідэміі», — дадаў Войцех.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акустыка на карантыне». Вольскі ладзіць «онлайн-тур» для беларусаў розных краінаў сьвету