Раскосмас: указ Трампа аб асваеньні Месяца — плян захопу плянэт

Указ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб здабычы выкапняў на Месяцы ў дзяржаўнай карпарацыі Раскосмас назвалі агрэсіўным плянам «для фактычнага захопу тэрыторый іншых плянэт» і спробай «экспрапрыяцыі касьмічнай прасторы».

Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка Раскосмасу ў справе міжнароднага супрацоўніцтва Сяргей Савельеў.

«У гісторыі ўжо былі прыклады, калі адна краіна вырашыла пачаць захопліваць тэрыторыі ў сваіх інтарэсах, — усе памятаюць, што з гэтага выйшла», — цытуе Савельева прэсавая служба Раскосмасу.

Член міжнароднага камітэту Савета Фэдэрацыі Расеі Алег Марозаў лічыць, што ў гэтым кроку ЗША больш прапаганды, чым рэальнасьці. Гэта спроба адцягнуць краіну ад пандэміі каранавірусу, прыводзіць словы Марозава «РІА Навіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпісаў указ аб здабычы рэсурсаў у космасе

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб камэрцыйнай здабычы рэсурсаў на Месяцы і іншых нябесных целах.

«У амэрыканцаў павінна быць права на камэрцыйнае дасьледаваньне, здабычу і выкарыстаньне рэсурсаў у касьмічнай прасторы», — гаворыцца ў дакумэнце.

  • ЗША лічаць космас унікальнай прасторай для дзейнасьці чалавека, але не грамадзкім здабыткам, таму плянуюць «стымуляваць міжнародную падтрымку здабычы і выкарыстаньня рэсурсаў у космасе».
  • ЗША таксама не прызнаюць прынятае ў 1979 годзе ў ААН Пагадненьне аб дзейнасьці дзяржаў на Месяцы і іншых нябесных целах, паводле якога дасьледаваньне натуральнага спадарожніка Зямлі становіцца здабыткам чалавецтва і праводзіцца ў інтарэсах усіх краін.