У Беларусі арганізатараў масавых мерапрыемстваў абавязалі заключаць дамовы зь міліцыяй, хуткай дапамогай і службамі ЖКГ да атрыманьня дазволу на іх правядзеньне ад выканкамаў.
Раней такія дамовы заключаліся ўжо пасьля атрыманьня дазволу.
Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў Беларусі ад 3 красавіка 2020 г. № 196, якая апублікавана 5 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Гэтыя зьмены скіраваныя хутчэй не на атрыманьне дадатковых сродкаў ад арганізатараў, хаця з дакумэнта не зразумела, у які момант давядзецца плаціць за міліцыю, хуткую дапамогу і ўборку тэрыторыі. Але дакладна зразумела, што цяпер будзе складаней падаваць заяўку на правядзеньне масавых акцыяў. Да гэтага для падачы заяўкі трэба было мець намер і падрыхтаваць паперу. А цяпер проста для таго, каб падаць заяўку, трэба будзе прайсьці празь некалькі бюракратычных і юрыдычных працэдураў», — камэнтуе новаўвядзеньне намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.