Лукашэнка расказаў пра адлоўліваньне людзей, якія «хайпяць» на каранавірусе

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Падчас наведваньня прадпрыемства «Белгіпс» Аляксандар Лукашэнка паабяцаў яшчэ расказаць «шмат цікавага», калі скончыцца «каранавірусны псыхоз». Гэта паказаў тэлеканал СТВ.

Што сказаў Лукашэнка?

  • «Вось калі скончыцца каранавірус гэты, і ня вірус, а псыхоз, я вам шмат чаго цікавага раскажу. Вельмі шмат».
  • Кіраўнік Беларусі прапанаваў падумаць, каму было неабходна зьяўленьне каранавірусу і хто гэтым скарыстаўся.
  • «Зьявілася шмат людзей (ну, можа, у Беларусі ня так шмат — кіраўнік Адміністрацыі і дзяржсакратар займаюцца гэтым) — хайпануць, як можна цяпер, на гэтай тэме ў інтэрнэце. Мы пачалі адлоўліваць такіх і пытаць у іх. Ведаеце, псыхозу і так хапае, а трэба падагрэць дзесьці, паказаць. А так званая апазыцыя спрабуе гэта скарыстаць супраць улады. Я маўчу — час нас рассудзіць», — сказаў Лукашэнка.
  • Паводле Лукашэнкі, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін можа сабе дазволіць абвясьціць выходныя, а беларусам «проста так ніхто нічога ня дасьць». Бо ў Беларусі няма неабходнасьці ў такіх жорсткіх захадах. Разьлічваць трэба на сябе і «працаваць так, нібыта ты адзін у сьвеце».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ