Сын прэзыдэнта Таджыкістану стаў «сэнатарам»

Сын таджыцкага прэзыдэнта Рустам Эмамалі

Мэр Душанбэ Рустам Эмамалі, сын шматгадовага прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона, абраны членам верхняй палаты парлямэнту.

У Таджыкістане 25 членаў верхняй палаты парлямэнту выбіраюць дэпутаты мясцовых заканадаўчых сходаў (маджлісаў), а восем сэнатараў прызначае ўласным указам непасрэдна прэзыдэнт. Кандыдатура сына прэзыдэнта Таджыкістану ў якасьці члена сэнату 27 сакавіка была аднагалосна падтрыманая на першай сумеснай сэсіі гарадзкога і сталічных раённых маджлісаў народных дэпутатаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі таджыцкага апазыцыянэра, яму пагражае экстрадыцыя

У красавіку 2017 года і ў сакавіку 2020 году Рустам Эмамалі быў абраны дэпутатам маджлісу Душанбэ. Яшчэ ў мінулым годзе 30-гадовага (на той момант), сына прэзыдэнта прызначылі мэрам Душанбэ і прысвоілі яму генэральскае званьне. Ён быў самым маладым сталічным мэрам у краінах СНД. Яшчэ раней, у 26 гадоў сын Рахмона ўзначальваў мытную службу краіны.

Па прагнозах большасьці мясцовых экспэртаў, Рустам Эмамалі будзе ў Таджыкістане другім чалавекам пасьля прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Коля ходзіць на заняткі, хоць палова вучняў у яго школе застаюцца дома

У 2016 годзе ў Канстытуцыю Таджыкістану была ўнесеная папраўка, якая зьменшыла ўзроставы цэнз для абраньня прэзыдэнтам з 35 да 30 гадоў. Экспэрты лічаць, што гэта было зроблена з разьлікам на Рустама Эмамалі.

44-гадовы Віктар Лукашэнка, старэйшы сын кіраўніка Беларусі, у 30 гадоў быў прызначаны памочнікам прэзыдэнта ў справах нацыянальнай бясьпекі. На гэтай пасадзе ён застаецца і сёньня, адначасна ўваходзячы ў склад Рады бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мэбля забясьпечвае камфорт прэзыдэнту Таджыкістану