Чэхія зьмякчае карантын

Чарга ў аптэцы, Прага, 24 сакавіка 2020

Урад Чэхіі ў чацьвер прыняў рашэньне зьмякчыць рэжым карантыну. З 27 сакавіка дазволена адкрыцца гатэлям, пансіянатам і некаторым прадпрыемствам сфэры паслуг. Пра гэта кабінэт міністраў абвясьціў на прэсавай канфэрэнцыі.

«Гатэлі змогуць прымаць кліентаў, якім неабходна будзе спыніцца на начлег дзеля працы альбо прадпрымальніцкай дзейнасьці», — заявіў міністар прамысловасьці і гандлю Карэл Гаўлічак.

Сяліць у гатэлях можна будзе і іншаземцаў з дазволам на працаўладкаваньне, а таксама турыстаў, якія чакаюць магчымасьці вярнуцца на радзіму.

Зь пятніцы могуць адкрыцца і некаторыя прадпрыемствы сфэры паслуг. Напрыклад, аўтамыйні, майстэрні рамонту абутку, вырабу ключоў, кіёскі з прэсай і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францускі міністар заклікаў афіцыянтаў і цырульнікаў працаваць у полі

Акрамя таго, урад рыхтуе іншыя саступкі для гандляроў. Яны будуць мець права на дапамогу ў доглядзе састарэлых і, калі на іх паўплываюць абмежаваньні, будуць атрымліваць штомесячную дапамогу ў памеры 15 тысяч крон (прыблізна паўтары тысячы беларускіх рублёў).

Акрамя таго, урад абавязаў усе прадуктовыя крамы на ўваходзе бясплатна выдаваць пакупнікам аднаразовыя поліэтыленавыя пальчаткі або іншыя ахоўныя сродкі для рук.