«Памежнікі бываюць толькі наездамі». Як жывуць з двух бакоў «закрытай» мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй

У беларускай вёсцы Каравяк

Расея закрыла сваю мяжу зь Беларусьсю 18 сакавіка ў сувязі з пашырэньнем пандэміі каранавірусу. Аднак Свабода адшукала незакрыты ўчастак на трасе Р-70, якая вядзе зь беларускага райцэнтру Горкі да расейскага Смаленску, ды пагутарыла з жыхарамі памежжа.

Жыхары расейскай вёскі Шэіна, што ў Смаленскай вобласьці, апавядаюць пра сваё жыцьцё ды стаўленьне да небясьпекі ад каранавірусу. Беларусы ж у Горацкім раёне расказваюць, як пражылі першы тыдзень з закрытай мяжой і зь якімі цяжкасьцямі сутыкнуліся.

Расейская вёска Шэіна

Расейцы: баімся беларусаў, якія могуць прынесьці каранавірус

Расейская вёска Шэіна за 800 мэтраў ад мяжы. Да Смаленску — 50 кілямэтраў. Грунтовая дарога да паселішча разьбітая вялікімі машынамі ўшчэнт. Глыбіня каляіны месцамі сягае паўмэтра. Абапал дарогі — зьвезенае бытавое сьмецьце і пакарабачаныя рэшткі легкавікоў.

Расейскі ўчастак трасы Р-70. Бездараж

Вёска сустракае бязьлюднай вуліцай і брэхам сабак. За госьцем зь Беларусі вяскоўцы сочаць з вокнаў занядбаных хат. На просьбу пагутарыць гаспадары незадаволена махаюць рукой, каб ішоў прэч. Адзін зь іх усё ж пагаджаецца пагаварыць, але на адлегласьці 60 мэтраў. Кажа, у вёсцы засталіся толькі старыя, як ён.

Мужчына заяўляе, што «жыве выдатна, атрымлівае пэнсію, і ўсім патрэбен толькі мір». Не прамінае нагадаць, што расейская мяжа закрытая і, калі «пагранцы» засьпеюць у вёсцы чужога, то адразу яго арыштуюць. Кажа, што памежнікі прыяжджаюць у Шэіна пэрыядычна. Іхны сталы пост у суседняй вёсцы. Паводле яго, машын зь беларускага боку стала значна меней. З гэтага ён робіць выснову, што «беларусы законапаслухмяныя людзі».

Да сядзібаў падыходзіць небясьпечна, бо ў кожнай па некалькі вялікіх сабак

Разьбітую дарогу вясковец з усьмешкай называе «кантрольнай». «Калі каму няма куды падзецца, дык ёю едуць», — тлумачыць ён.

Наступны суразмоўца выйшаў з двара на вуліцу, але рукою госьцю паказаў, каб не набліжаўся. Стары ня ўтойвае, што баіцца каранавірусу.

«Нас папярэдзілі, што такія, як я, у групе рызыкі, таму і не выходжу з хаты», — тлумачыць ён.

Гутарка з расейскім вяскоўцам. 60 мэтраў і сабака на варце

На ягоную думку, у Беларусі ўлады недастаткова робяць, каб засьцерагчы людзей ад эпідэміі, і «чамусьці» не абвяшчаюць карантыну.

«Вядома ж, гэта кепска, бо ў вас ніхто нікога не правярае, — даводзіць ён, — Таму мы баімся, што з вашага боку ўсякія могуць прыйсьці. Вы ж бачыце, што паста ў нас няма. Памежнікі зьяўляюцца наездамі».

У расейскай вёсцы Шэіна

Пра жыцьцё стары кажа, што яно «нармальнае». «Толькі парадку няма і ня будзе, як і ў вас, — дадае ён. — Мы тут зусім забытыя», — на разьвітаньне кідае стары.

Жыхарка беларускай вёскі пра каранавірус: за дзяцей страшнавата

Беларуская вёска Дружная (гістарычная назва Каравяк. — РС) месьціцца за кілямэтар ад мяжы. Тут траса Р-70 заасфальтаваная. Кіроўцы кажуць, што шашу адрамантавалі гадоў пяць таму. Грошы нібыта выдзелілі зь бюджэту саюзнай дзяржавы. Беларусы сваю працу выканалі. Расейцы ж сродкі змарнавалі. «Таму ў Беларусі асфальт, а ў Расеі бездараж», — адзначаюць кіроўцы.

На «кантрольнай дарозе» рызыкуюць праехаць і легкавікі

У Дружнай зь дзясятак хат, але жыве ў ёй адна 88-гадовая Ніна Аляксееўна Сучынская. Днямі яна прыехала ад дзяцей, бо, паводле яе, лепей жывецца ў роднай вёсцы, чым у горадзе. Мужа кабета пахавала сорак гадоў таму. Цяпер жыве клопатам, як засеяць агарод. Сьцьвярджае, што ў бязьлюднай вёсцы ёй ня сумна адной.

«Ды й каго мне тут баяцца, — кажа жанчына. — Пастукаюць да мяне — я пушчу бяз боязі...»

Хата Ніны Аляксееўны

Ніна Аляксееўна хвалюецца за дзяцей і ўнукаў, каб яны не заразіліся каранавірусам. За сябе спакойная, бо да яе «асабліва ніхто ня ходзіць, таму і пошасьць не прынясе».

«Але, знаеце, і страшнавата, — схамянуўшыся, адзначае гаспадыня. — Перадаюць жа, што ў Горадні і Менску яго крыху ўжо ёсьць».

Беларускі ўчастак трасы Р-70 з асфальтам

Пра тое, што Расея закрыла мяжу, жанчына ведае, але, як яна кажа, машыны ўсё роўна туды едуць. «Мне з акна ўсё відаць. Я ж позна не кладуся. Вялікія машыны ідуць у той бок», — паказвае рукой яна.

Адна з дачок Ніны Аляксееўны жыве ў Расеі. Калі прыяжджае адведаць маці, дык машыну кідае ў Шэіне і да Каравяка ідзе пешшу, бо адолець 800 мэтраў бездарожжа на легкавіку не адважваецца.

Ніна Аляксееўна Сучынская

Паводле Ніны Аляксееўны, Каравяк раней быў вялікім паселішчам. У вайну нацысты яго спалілі, але вяскоўцы адбудаваліся наноў. Да сёньня са старажылаў дажыла яна адна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамогі ні ад кога не чакаем», — беларусы, якія пацярпелі ад закрыцьця мяжы з Расеяй

Жыхары Горак: спадзяёмся на цуд

Ад беларуска-расейскай мяжы да Горак 20 кілямэтраў. Жыхары райцэнтру ня ўтойваюць, што з закрыцьцём Расеяй мяжы страцілі магчымасьць выяжджаць у Смаленск па тавары. Да яго 100 кілямэтраў. Езьдзілі туды часьцей вялікімі кампаніямі. Харчы і прамысловыя тавары там у сярэднім у два разы таньнейшыя, чым у Беларусі.

Беларуская вёска Дружная (Каравяк)

Найбольш абурае жыхароў Горак, што кошт беларускай прадукцыі ў Расеі меншы, чым на радзіме. У чым прычына такой сытуацыі, людзі патлумачыць ня могуць.

«Калі наша прадукцыя даражэйшая ў нас, то чаму нашы заробкі меншыя, чым у Расеі?» — роспачна пытаецца жанчына на невялікім рынку райцэнтру.

Нямала мясцовых прадпрымальнікаў куплялі оптам тавар у Расеі, каб у Горках ім гандляваць. Пакуль яго хапае.

Горкі. Мясцовы рынак у цэнтры гораду без пакупнікоў

«У мяне запас ёсьць на пару тыдняў, а там невядома, што буду рабіць. Мо і закрыюся», — камэнтуе сытуацыю адна з гандлярак.

На працу ў Расеі ня могуць выехаць і мясцовыя гастарбайтэры. Некаторыя спадзяюцца прарвацца праз кардоны і выпраўляюцца ў рызыкоўнае падарожжа. Ня ўсім шанцуе.

«Адзін здолеў даехаць амаль да Масквы, — апавядае адну з гісторыяй такога падарожжа жыхарка Горак. — На ўезьдзе ў расейскую сталіцу яго спынілі, бо там дужа строгія пасты. Высьветлілася, што ён нелегал. Аштрафавалі і вярнулі ў Беларусь».

Гандляры сумуюць

У райцэнтры прызнаюцца, што пакуль не ўсьвядомілі пагрозы, якую нясе каранавірус. Многія не давяраюць афіцыйнай інфармацыі, а іншую лічаць супярэчлівай. Нямала суразмоўцаў адзначаюць, што Беларусі варта было б таксама закрыць мяжу, як гэта зрабілі суседзі.

«Мы не баімся таму, што пакуль няшмат зафіксавана выпадкаў хваробы, кажа адзін зь мінакоў. — А можа накаціць раптоўна хваля эпідэміі, і будзе ўжо позна нешта рабіць. Хіба можна за ўсім усачыць?»

Напамін пра Дажынкі-2012. Са сцэны амфітэатру выступаў Лукашэнка

Суразмоўца мяркуе, што Лукашэнка не закрывае межаў і не абвяшчае карантыну, бо ў такім разе давядзецца кампэнсаваць страты людзям, а ў бюджэце грошай няма.

«Таму і знаходзімся ў няпэўнасьці. Вакол шугае эпідэмія, а мы спадзяёмся на цуд», — прызнае мужчына.

Мурал у Горках да Дажынак