Расейскі зьнішчальнік Су-27 упаў 25 сакавіка за 50 кілямэтраў ад Феадосіі ў акупаваным Крыме ў Чорным моры. У наступную хвіліну ў раёне быў зафіксаваны сыгнал аварыйнага маяка, перадае «Інтэрфакс» паведамленьне расейскіх вайскоўцаў.
Для пошуку месца магчымага падзеньня і выратаваньня паднялі самалёт Ан-26 і верталёт Мі-8. Але ў гэтым раёне складаныя мэтэаўмовы, таму пошук ускладнены. Таксама для пошуку і выратаваньня накіраваны невялікі супрацьлодкавы карабель Чарнаморскага флёту і цывільныя судны.
Пілёта пакуль не знайшлі, але выявілі сыгнал радыёбуя, які можа быць зьвязаны з гумовай лодкай, дзе можа быць лётчык.
Зьнішчальнікі Су-27 уваходзяць у склад войскаў СПА Паўднёвай акругі. Баявой радыюс самалёта — 1200 кілямэтраў. Экіпаж складаецца з аднаго пілёта.
Зьнішчальнікі выкарыстоўваюцца для перахопу і зьнішчэньня самалётаў і бесьпілётнікаў, вядзеньня паветраных баёў, а таксама для прыкрыцьця паветранага флёту на адлегласьці 300-400 кілямэтраў ад берага.