Турэччына выставіла абвінавачаньні падазраваным у забойстве Хашокджы

Джамаль Хашокджы

Турэччына выставіла абвінавачаньні 20 падазраваным у забойстве саудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы. Пра гэта паведаміла турэцкая Генэральная пракуратура.

Дата судовага разбору пакуль не прызначаная. Большасьці падазраваных пагражае пажыцьцёвае турэмнае зьняволеньне.

Адным з галоўных падазраваных у забойстве зьяўляецца былы дарадца насьледнага прынца Саудаўскай Арабіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўключаю музыку, калі рэжу трупы» — фрагмэнты запісу забойства саудаўскага журналіста Хашокджы

Калюмніст газэты The Washington Post Джамаль Хашокджы быў забіты ў пачатку кастрычніка 2018 году ў саудаўскім консульстве ў Стамбуле. Журналіст крытыкаваў палітыку Эр-Рыяду і, у прыватнасьці, насьледнага прынца краіны Мухамэда бін Салмана. Парэшткаў Хашокджы да гэтага часу не знайшлі.

Летась у сьнежні на працэсе ў Саудаўскай Арабіі пяцёра абвінавачаных у справе аб забойстве Хашокджы былі асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, яшчэ трое — да турмы. Яшчэ да прысуду праваабарончая група Human Rights Watch назвала саудаўскі судовы працэс, які праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, неадпавядным міжнародным стандартам.