«Белавія» вывезла чартэрным рэйсам з маскоўскага аэрапорту Унукава 70 турыстаў, якія затрымаліся ў іншых краінах праз пандэмію COVID-19, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на амбасаду Беларусі ў Маскве.
Чартэрным рэйсам у Менск, акрамя беларусаў, прыбылі грамадзяне Армэніі, Казахстану, Нідэрляндаў, Украіны. Цяперашні борт ужо трэці. Першы вывез 20 сакавіка з гэтага ж маскоўскага аэрапорту каля 100 чалавек, другі выканаў рэйс у ноч на 23 сакавіка з больш як 80 пасажырамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адказнасьць саміх грамадзянаў». Стала вядома, якіх турыстаў вернуць у Беларусь бясплатна, а якіх — неРасея да 1 траўня абмежавала ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцаў, уключаючы грамадзян Беларусі. У беларускай дыпмісіі тлумачылі, што транзыт беларусаў, якія вяртаюцца дадому праз Маскву, ад 18 сакавіка магчымы толькі праз аэрапорты Дамадзедава і Шарамецьева. Гэта стала праблемай для тых, хто вяртаўся на радзіму праз Унукава. Пазьней расейскі бок зьмякчыў умовы транзыту.
Тым часам 300 іншаземцаў, якія прыехалі ў Беларусь да закрыцьця вонкавых межаў і масавай адмены рэйсаў, зьвярнуліся ў МУС з просьбай падаўжэньня «бязьвізу» звыш 90 дзён. Траціна ад гэтай колькасьці — тыя, хто прыбыў у Горадзенскую і Берасьцейскую вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вар’яцкія і безадказныя паводзіны», — Мінспорту пра беларусаў, якія едуць за мяжу падчас пандэмііУ ліпені 2018 году тэрмін бязьвізавага знаходжаньня іншаземцаў быў павялічаны да 30 дзён пры ўмове іх уезду праз Нацыянальны аэрапорт. Для грамадзян шэрагу краін, зь якімі ў Беларусі бязьвізавы рэжым, дазволены тэрмін знаходжаньня пры наяўнасьці рэгістрацыі ў органах МУС складае да 90 дзён на год.
18 сакавіка кіраўніцтва МУС заявіла, што іншаземцам, якія затрымаліся ў Беларусі з прычыны адмены рэйсаў, будзе павялічаны тэрмін знаходжаньня да 90 дзён, а пры неабходнасьці і больш.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ