Міністэрства здароўя: У многіх краінах карантын — псыхалягічная мера
Уладзімер Каранік, міністар аховы здароўя
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік у эфіры тэлеканалу «АНТ» расказаў пра захады, якія прымае Беларусь, каб спыніць пашырэньне каранавірусу.
Паводле Ўладзімера Караніка, Мінздароўя «намагаецца не прагназаваць час пік пашырэньня вірусу».
«Пэрыядычна ўзьнікаюць панічныя чуткі, калі бачаць нашы загады для перапрафіляваньня ложкавага фонду, пачынаюць падсумоўваць ложкі, якія вылучаюцца, кажуць, што гэтых ложкаў недастаткова. Усяго ў краіне 70 тысяч ложкаў — у выпадку неабходнасьці іх можна разгарнуць яшчэ 30 тысяч. Але мы робім усё для таго, каб гэтыя ложкі не спатрэбіліся і каб мы засталіся на пляне „А“, на якім мы цяпер знаходзімся», — паведаміў Уладзімір Каранік.
Паводле яго, увядзеньне карантыну ў многіх краінах — «псыхалягічная мера».
На гэты момант у Беларусі зафіксавалі 76 выпадкаў каранавіруса. Паводле Міністэрства аховы здароўя, 15 пацыентаў выпісаныя, 61 пацыент знаходзіцца ў шпіталях на лячэньні, і частка зь іх ужо атрымалі адмоўныя тэсты і рыхтуюцца да выпіскі.