Як зьмяняецца Ружанскі палац падчас рэстаўрацыі. ФОТА

Усходні корпус у Ружанскім палацы, 9 сакавіка 2020 года

У Ружанскім палацы працягваецца рэстаўрацыя. Цяпер будаўнікі накрываюць дахам усходні корпус. У такім выглядзе палац даўно ніхто ня бачыў.

Рэканструкцыя ў Ружанскім палацы, які належаў роду Сапегаў, працягваецца ад 2008 году. Тут аднавілі ўязную браму і бакавыя флігелі, у якіх разьмясьціліся музэі.

Ад жніўня 2019 году пачалася рэстаўрацыя ўсходняга корпусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-12 руінаў для сэлфі. Дзе зрабіць атмасфэрнае фота ў Беларусі, калі Мір і Нясьвіж надакучылі

«Цяпер будаўнікі фактычна выконваюць мару Сапегаў. Бо яны аднаўляюць усходні (тэатральны) корпус паводле чарцяжоў XVIII стагодзьдзя, якія захаваліся ў Варшаве. Але корпус быў крыху іншым», — цытуе TUT.BY малодшага навуковага супрацоўніка Ружанскага палацавага комплексу Антося Арцюха.

Аднаўленьне ўсходняга корпусу ў Ружанскім палацы, 9 сакавіка 2020 года

Таксама TUT.BY прыводзіць словы гісторыка і археоляга Ігара Чарняўскага, былога начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі. Гісторык кажа, што да цэглы, якая выкарыстоўваецца пры рэстаўрацыі, ёсьць пытаньні.

«Іх [сродкаў] хапае на цэглу ня самай лепшай якасьці, што ў выпадку Ружанаў было б і ня вельмі страшна. Але не хапае на тынкоўку фасадаў, што вядзе да размарожваньня муроўкі. Пытаньне ў парушэньні тэхналёгіі выкананьня работ, якое трэба задаваць ня столькі выканаўцу, колькі органам, якія плянуюць фінансаваньне. Хаця і да выканаўцаў могуць быць прэтэнзіі, калі паглядзець на падмурак», — сказаў Ігар Чарняўскі.

Так выглядаў усходні корпус да рэстаўрацыі. Фота 2017 году