Беларуская чыгунка прыпыніла рух цягнікоў у 7 краінаў. Грошы за квіткі вернуць

На сайце Беларускай чыгункі ў паведамленьні аб зьменах у графіку руху міжнародных цягнікоў паводле стану на раніцу 17 сакавіка гаворыцца пра часовае прыпыненьне міжнародных цягнікоў у 7 краінаў: Нямеччыну, Латвію, Літву, Польшчу, Францыю, Чэхію і Ўкраіну.

«У сувязі з сытуацыяй, якая выклікана каранавірусам COVID-19, шэрагам краін прынята рашэньне аб прыпыненьні міжнародных чыгуначных пасажырскіх зносінаў», — тлумачаць адмену цягнікоў у Беларускай чыгунцы.

Нявыкарыстаныя квіткі на адмененыя цягнікі можна вярнуць без дадатковых плат і збораў. Папяровыя квіткі можна здаць у касу, электронныя — праз рэсурс, на якім іх куплялі. Тэрміны вяртаньня не абмежаваныя.

Падрабязны пералік усіх адмененых цягнікоў можна пабачыць на сайце БЧ.