Макрон прыпыніў усе рэформы ў Францыі праз каранавірус

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон зьвяртаецца да нацыі, 16 сакавіка 2020 году

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў пра часовае прыпыненьне ўсіх рэформаў у краіне, акрамя пэнсійнай.

Выступаючы 16 сакавіка са зваротам да нацыі, Макрон заявіў, што ўрад Францыі падасьць парлямэнту на зацьверджаньне заканадаўства аб наданьні выканаўчай уладзе надзвычайных паўнамоцтваў — выключна каб суняць эпідэмію каранавірусу.

«Ніколі раней у мірны час Францыя не прымала такіх надзвычайных захадаў», — сказаў Макрон, дадаўшы: «Мы ў стане вайны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветная арганізацыя здароўя адзначыла «хуткі рост» COVID-19. Памерлі больш за 7 тысяч чалавек

Прэзыдэнт запэўніў, што ўрад зробіць усё неабходнае для зьберажэньня эканомікі Францыі, і бізнэс ня будзе страчаны.

«Ніводзін бізнэс, якога б маштабу ён ні быў, ня будзе па-за ўвагай перад рызыкай банкруцтва. Ніводзін француз не апынецца ў галечы», — заявіў Макрон.

Колькасць выпадкаў заражэньня каранавірусам у Францыі перавысіла 6,6 тысячы, памерлі каля паўтары сотні чалавек.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ