У Ізраілі лідэр апазыцыі атрымаў права сфармаваць урад

Бэні Ганц

Прэзыдэнт Ізраілю Рэўвэн Рыўлін 16 сакавіка даручыў лідэру апазыцыйнага блёку «Кахоль-Лаван» Бэні Ганц сфармаваць урад — пасьля выбараў у Кнэсэт, якія ў трэці раз запар не прынесьлі большасьці ні адной з палітычных сілаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэтаньягу зноў не хапае галасоў, каб стварыць урад

Паводле вынікаў апошніх выбараў блёк «Кахоль-Лаван» атрымаў менш дэпутацкіх мандатаў, чым «Лікуд» прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу. Аднак прэзыдэнт даручыў фармаваньне кабінэту менавіта Ганцу, лічачы што ў яго больш шанцаў дамагчыся посьпеху. Яго можа падтрымаць партыя «Наш дом Ізраіль» Авігдора Лібэрмана, без дэпутатаў якой ні правацэнтрысцкая кааліцыя Нэтаньягу, ні левацэнтрыст Ганц ня маюць большасьці ў Кнэсэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усіх, хто прыбывае ў Ізраіль, абавязалі прайсьці 14-дзённы карантын

На фармаваньне кабінэту адводзіцца да 42 дзён. Калі Ганца напаткае няўдача, спробу, хутчэй за ўсё, зноў распачне Нэтаньяху.