Эпідэмія каранавірусу ў Брытаніі патрывае год, заразіцца могуць да 80% брытанцаў — сакрэтны даклад

Брынаскі прэм'ер Борыс Джонсан

Эпідэмія COVID-19 у Вялікай Брытаніі можа патрываць да вясны 2021 году. Пры найгоршым варыянце разьвіцьця сытуацыі могуць заразіцца да 80% насельнікаў краіны, і 15% зь іх (7,9 мільёна чалавек) можа спатрэбіцца шпіталізацыя.

Пра гэта паведамляе The Guardian, спасылаючыся на сакрэтны ўрадавы даклад, падрыхтаваны экспэртамі Нацыянальнай службы аховы здароўя Вялікай Брытаніі. Даклад быў разасланы дырэктарам усіх шпіталяў у краіне і вышэйшаму кіраўніцтву службы.

Паводле Пола Гантэра, прафэсара мэдыцыны з Унівэрсытэту Ўсходняй Англіі, якога цытуе The Guardian, год трываньня эпідэміі каранавірусу «цалкам праўдападобны». Гантэр удакладняе:

«Я думаю, што [вірус] пойдзе на спад летам, пад канец чэрвеня, і вернецца ў лістападзе, як гэта адбываецца са звычайным сэзонным грыпам. Я думаю, што гэта ўжо назаўжды, але зь цягам часу ён будзе станавіцца менш жорсткім, па меры таго, як будзе выбудоўвацца імунітэт».

Станам на 16 сакавіка ў Вялікай Брытаніі зарэгістравалі амаль 1400 выпадкаў заражэньня каранавірусам і 35 сьмерцяў ад яго.