Найбуйнейшая беларуска-амэрыканская кампанія страціла 2 мільярды даляраў за дзень

Офіс EPAM у менскім Парку высокіх тэхналёгій

Самая вялікая беларуска-амэрыканская ІТ-кампанія EPAM Systems страціла больш за 2 мільярды даляраў падчас таргоў на фондавых біржах 12 сакавіка, калі рынкі працягвалі падаць з прычыны распаўсюду каранавірусу і яго меркаванага ўплыву на эканоміку.

Калі на пачатку таргоў 12 сакавіка акцыі кампаніі каштавалі па 212,76 даляра, то ў канцы дня — па 163,37 даляра. Такім чынам, капіталізацыя кампаніі зьменшылася за дзень з 11,2 мільярда даляраў да 9,032 млрд. За два апошнія дні кампанія страціла яшчэ больш — 3,028 мільярда даляраў.

Цягам 12 сакавіка пяцёрка найбуйнейшых тэхналягічных кампаній сьвету (Amazon, Apple, Alphabet, Facebook і Microsoft) страцілі ў суме $416,63 мільярдаў на фондавых біржах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каранавірус: пяць найбуйнейшых тэхналягічных кампаній страцілі за дзень 400 мільярдаў даляраў

На пачатку траўня, да таго, як сусьветныя фондавыя рынкі перажылі падзеньне цэнаў на нафту, акцыі EPAM каштавалі звыш 229 даляраў. Цягам трох апошніх галоў акцыі кампаніі расьлі ў сярэднім на 32% штогод.

EPAM — найбуйнейшы ва Ўсходняй Эўропе распрацоўшчык праграмнага забесьпячэньня.

Выпускнікі менскай школы № 50 Аркадзь Добкін і Леанід Лознэр заснавалі кампанію ў 1993 годзе з офісамі ў Нью-Джэрсі і Менску. Восем гадоў таму, калі кампанія выйшла на Нью-Ёрскую біржу (і стала там першай кампаніяй зь беларускімі каранямі), акцыя EPAM каштавала ўсяго 15–16 даляраў. З таго часу EPAM набыў больш за 10 замежных IT-кампаній, больш як у два разы павялічыў выручку. Летась кампанія заявіла, што колькасьць яе супрацоўнікаў у беларускіх офісах дасягнула 10 000.