Гарві Вайнштэйну прысудзілі 23 гады турмы

Гарві Вайнштэйну

Суд у Нью-Ёрку ў сераду прысудзіў амэрыканскаму прадусару Гарві Вайнштэйну 23 гады турэмнага зьняволеньня па абвінавачваньнях у сэксуальным гвалце. Пра гэта паведаміў тэлеканал Сі-эн-бі-сі.

Журы прысяжных у лютым прызнала Вайнштэйна вінаватым у сэксуальным гвалце па двух пунктах абвінавачваньня з пяці. Ён быў апраўданы па двух найбольш сур'ёзных пунктах абвінавачваньня.

Увосень 2017 году дзесяткі жанчын пачалі абвінавачваць Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганьнях рознага кшталту. Сярод тых, хто заявіў пра дамаганьні Вайнштэйна, — кіназоркі Анджэліна Джалі, Сальма Гаек, Гвінэт Пэлтраў і Эшлі Джад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарві Вайнштэйн выплаціць $44 млн ахвярам сэксуальнага гвалту

Вайнштэйн здаўся паліцыі ў траўні 2018 году і быў вызвалены пад заклад.

Пасьля справы Вайнштэйна зьявілася шмат публічных абвінавачваньняў у адрас іншых вядомых мужчын, што прывяло да пачатку сусьветнай кампаніі супраць сэксуальных дамаганьняў пад хэштэгам #MeToo.