Зяленскі: Украіна перадала Расеі сьпіс з 200 чалавек для абмену зьняволенымі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Украіна перадала сьпіс з 200 чалавек для абмену ўтрыманымі асобамі, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі у інтэрвію турэцкаму тэлевізійнаму каналу «ТРГ».

«Мы перадалі ў Менску сьпіс з больш як 200 чалавек. Гэта вельмі важна. Мы даведаліся імёны гэтых людзей, дзе яны знаходзяцца. Мы ня ведаем, калі і з якіх рэгіёнаў мы вернем гэтых людзей, але мы, безумоўна, хочам гэтага», — сказаў Зяленскі.

Ён мяркуе, што некаторыя людзі, якіх Украіна хоча абмяняць, маглі ўжо памерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Зяленскага і Пуціна абмеркавалі ў Менску абмен зьняволенымі

«Некаторых катавалі, мы ня ведаем, хто там ёсьць. Але, на жаль, ведаем, што зможам вярнуць толькі целы некаторых з гэтых людзей. У Менскай групе ёсьць людзі, якія працуюць над усімі гэтымі пытаньнямі», — адзначыў Зяленскі.

29 сьнежня 2019-га адбыўся абмен зьняволенымі паміж Украінай і расейскімі гібрыднымі сіламі. З тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей быў вызвалены 81 украінец: 76 зь іх вярнуліся на падкантрольную ўкраінскаму ўраду тэрыторыю, яшчэ пяцёра вырашылі застацца на тэрыторыі, кантраляванай расейскімі гібрыднымі сіламі. З 76 заяўленых 12 — цяпер ужо экс-ваеннапалонныя, 64 — цывільныя. Вызваленых абмянялі на 124 чалавекі.

Гэта адбылося пасьля першай за тры гады сустрэчы лідэраў краінаў «нармандзкага фармату», якая адбылася ў Парыжы 9 сьнежня.