Саўка ды Грышка пра каранавірус

Героі Лявона Вольскага па-рознаму занепакоеныя эпідэміяй каранавірусу ў сьвеце.

Грышка:
Страшна на вуліцу выходзіць нам,
Выходзіць нам, выходзіць нам.
Бо каранавірус пануе там,
Пануе там, пануе там.

Саўка:
Што ты, Грыша, паніку разводзіш тут?
Нікакія вірусы к нам не прайдут!
Нашай медзіцынаю ацечэсцьвеннай
Ахрана граждан будзе абясьпечана.

Разам:

Каранавірус
З Кітая выпаўз.
Каранавірус
Прыпоўз да нас.
Каранавірус -
Жахлівы выраз.
Каранавірус -
Трывожны час.

Грышка:
Ты не разумееш сур’ёзнасьць тэмы,
Сур’ёзнасьць тэмы, сур’ёзнасьць тэмы.
Знаходзімся ў небясьпецы тут усе мы,
Тут усе мы, тут усе мы.

Саўка:
Дажэ есьлі апаснасьць высака,
Выпі дзьвесьці грам, паеш часнака.
І, павер мне, ад такіх запахаў
Каранавірусы падаюць замертва.