Міністэрства здароўя пацьвердзіла тры выпадкі заражэньня каранавірусам «з высокай ступеньню дакладнасьці».
Пра гэта паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Беларусі Натальля Жукава на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
Намесьніца міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Беларусі Натальля Жукава
«У нас зарэгістравана 3 выпадкі, гэта высокая ступень дакладнасьці. Але мы яшчэ накіруем нашыя вынікі адной з рэфэрэнс-лябараторыяў ад Сусьветнай арганізацыі здароўя. У працы нашых лябараторыяў мы ўпэўненыя», — сказала Натальля Жукава. Хворых на каранавірус выявілі ў Менску, Віцебску і Віцебскай вобласьці.
На карантыне трымаюць 271 чалавека
Паводле начальніцы галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алены Богдан, выпадкаў, каб людзі адмаўляліся ад карантыну, няма. Ёсьць выпадкі, калі людзі па прыезьдзе з краінаў, дзе неспрыяльная сытуацыя з каранавірусам, самі зьвяртаюцца ў кантакт-цэнтры, каб прайсьці карантын.
Начальніца галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алена Богдан
Пацыенты, у якіх выявілі каранавірус, пачуваюцца добра
Віцяблянка, у якой выявілі каранавірус, знаходзіцца ў лякарні, яе стан задавальняльны, «яна фактычна здаровая і лекаваньня ёй ня трэба», — сказаў кіраўнік Віцебскага абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Юры Дзяркач.
«У Менску ў двух чалавек тэмпэратура нармальная, сымптомаў захворваньня няма. Мы кантралюем сытуацыю, мы гатовыя аказаць дапамогу, калі яна спатрэбіцца», — сказаў прафэсар Ігар Карпаў, галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства здароўя.
Чаму ў шпіталях перапрафілююць ложкі для хворых на вірусныя інфэкцыі?
Перапрафіляваньне ложкаў у шпіталях праводзіцца штогод, гэта зьвязана з сэзонным абвастрэньнем рэсьпіраторных інфэкцыяў, сказала начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алена Богдан.
Выявіць каранавірус дапамог карантын
Паводле Богдан, усе тры выпадкі захворваньня на каранавірус выявілі падчас 14-дзённага карантыну. Менавіта 2 тыдні цягнецца інкубацыйны пэрыяд каранавірусу.
Правяраюць і шпіталізуюць у кантактных цэнтрах людзей, якія вяртаюцца з Кітаю, Італіі, Ірану і Паўднёвай Карэі. Калі цягам карантыну ў людзей зьяўляюцца прыкметы вострых рэспьпіраторных хваробаў, у інфэкцыйным шпіталі ў іх бяруць пробы на каранавірус.
Ступень распаўсюджанасьці каранавірусу ў сьвеце вельмі высокая
Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя у Беларусі Батыр Бердыклычаў
Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі паведаміў прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя у Беларусі Батыр Бердыклычаў.
«Тэма каранавірусу ў сфэры ўвагі ўсіх краін сьвету. САЗ перагледзела рызыку распасюджваньня каранавірусу ў сьвеце ад высокай да вельмі высокай. САЗ заклікае быць гатовымі да зьяўленьня новых выпадкаў і засяродзіцца на трох прыярытэтах:
- працягваць меры нагляду,
- забясьпечыць абарону мэдычнага пэрсаналу,
- своечасова інфармаваць насельніцтва пра ўсе рызыкі, каб перапыніць чуткі».
На думку Батыра Бердыклычава, у Беларусі праводзяць вялікую працу ў сувязі з каранавірусам, няма падставаў для панікі.
На каранавірус правяраюць ува ўсіх прапускных пунктах на мяжы
На каранавірус правяраюць усіх, хто перасякае мяжу Беларусі. Кантрольна-прапускных пунктаў няма толькі на мяжы з Расеяй. Тлумачэньне — Расея сама мае такія пункты на сваіх межах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Міністэрстве здароўя расказалі, што з хворымі на каранавірус у Беларусі. ВІДЭА