Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка накіраваў спачуваньне родным і блізкім Дзьмітрыя Язава. Дзьмітры Язаў — быў маршалам Савецкага Саюзу, міністрам абароны СССР, у жніўні 1991 году стаў адным з кіраўнікоў перавароту, які суправаджаўся адхіленьнем ад улады прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Ён памёр 25 лютага сёлета на 97-м годзе жыцьця.
У сваім спачувальным лісьце Лукашэнка напісаў, што Дзьмітры Язаў — сапраўды гераічная і легендарная асоба, а яго баявы, прафэсійны і жыцьцёвы шлях — яркі ўзор чалавечай годнасьці, цьвёрдасьці волі і стойкасьці характару.
«Самаахвярна адданы доўгу і Радзіме, Дзьмітры Цімафеевіч з гонарам вытрымаў суровыя выпрабаваньні Вялікай Айчыннай вайны. Як сапраўдны прадстаўнік пакаленьня пераможцаў ўсе свае сілы ён аддаваў выхаваньню маладых патрыётаў», — гаворыцца ў спачуваньні кіраўніка Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр маршал Язаў, які ўвёў танкі ў Маскву ў 1991 годзеАляксандр Лукашэнка адзначыў, што сьветлая памяць пра Дзмітрыя Язава назаўсёды захаваецца ў сэрцах беларусаў.
У 1942-1945 гадах Дзьмітры Язаў удзельнічаў у баявых дзеяньнях Другой сусьветнай вайны, быў двойчы паранены.
Язаў быў апошнім вайскоўцам, якому ў Савецкім Саюзе далі званьне маршала. Ад траўня 1987 году да жніўня 1991-га займаў пасаду міністра абароны СССР.
У жніўні 1991 году Язаў далучыўся да ГКЧП — самаабвешчанага органа савецкіх кансэрватараў, якія выступалі супраць «перабудовы» і ідэі абнаўленьня саюзнай дамовы прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова і дзеяньняў прыхільнікаў прэзыдэнта РСФСР Барыса Ельцына.
Язаў быў арыштаваны пасьля таго, як езьдзіў у Фарос да ізаляванага там Гарбачова. Пасьля ён казаў, што шкадаваў аб удзеле ў «гэтай авантуры» і прасіў прабачэньня ў Гарбачова. За кратамі ён правёў амаль 500 дзён, быў вызвалены разам зь іншымі чальцамі ГКЧП у 1993-м, амніставаны ў 1994-м.
У 2019-м быў завочна асуджаны ў Літве на 10 гадоў турмы па абвінавачваньні ў вайсковых злачынствах.