У ЗША пачалі тэставаць вакцыну ад каранавірусу на людзях

Кітайскі лябарант трымае ўзоры новага каранавірусу ў прабірках

У мэдыцынскім цэнтры Ўнівэрсытэту Нэбраска пачалі клінічныя выпрабаваньні прэпарату супраць каранавірусу COVID-19 на людзях, паведаміў Нацыянальны інстытут здароўя ЗША.

Гэта першае клінічнае дасьледаваньне ў ЗША, якое праводзяць на людзях для ацэнкі экспэрымэнтальнага лячэньня каранавірусу. Першым удзельнікам выпрабаваньня пагадзіўся стаць амэрыканец, які заразіўся каранавірусам на круізным ляйнэры Diamond Princess.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня справіўся з каранавірусам. Звыш 400 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю за адстаўку прэзыдэнта Паўднёвай Карэі

Прэпарат, які пратэстуюць амэрыканскія навукоўцы, зьяўляецца антывірусным сродкам шырокага спэктру дзеяньня. Раней яго тэставалі на людзях з хваробай, выкліканай вірусам Эбола. Паводле мэдыкаў, вынікі выпрабаваньня могуць быць выкарыстаныя для ацэнкі іншых дасьледаваньняў — як у ЗША, так і ў сьвеце.

Навукоўцы з Кітаю, Ганконгу, Вялікай Брытаніі, Японіі, Аўстраліі і іншых краінаў сьвету таксама распрацоўваюць вакцыны ад новага каранавірусу.

Яшчэ 28 студзеня навукоўцы з Ганконгу заявілі, што распрацавалі вакцыну ад COVID-19, але адзначылі, што выкарыстоўваць яе можна будзе толькі пасьля клінічных выпрабаваньняў, для чаго спатрэбіцца яшчэ мінімум год. У Кітаі таксама распрацавалі дзьве патэнцыйныя вакцыны ад каранавірусу, аднак іх яшчэ неабходна пратэставаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сьвет шукае лек ад новага каранавірусу

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ