Апазыцыянэру скасавалі штраф за сумны смайлік у сацсетцы

Андрэй Юркоў з Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці выказаў нэгатыўнае стаўленьне да нацысцкага рэжыму, паставіўшы пад допісам у «Одноклассниках» смайлік «сумую». За гэта яго аштрафавалі.

Дрыбінскі раённы суд скасаваў сваё ж рашэньне аб накладаньні штрафу за распаўсюджваньне экстрымісцкіх матэрыялаў на актывіста руху «За Свабоду», былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Андрэя Юркова.

Андрэй Юркоў

Ён паставіў смайлік «сумую» пад допісам з выяваю нацыскай сымболікі ў «Одноклассниках». За гэта судзьдзя Барыс Пігаль пакараў актывіста 255 рублямі штрафу (10 базавых велічыняў).

Паводле Юркова, 25 лютага судзьдзя Людміла Новікава палічыла, што ягоная рэакцыя на публікацыю ў сацыяльнай сетцы і складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні зьявіліся раней, чым Кастрычніцкі раённы суд Віцебска прызнаў выяву нацысцкай сымболікі экстрымісцкай. Рэшэньне віцебскага суду ўступіла ў сілу 27 лістапада 2019 году. Пратакол аформілі на Юркова 19 лістапада.

Першы раз справу супраць актывіста Дрыбінскі суд разглядаў 23 сьнежня 2019 году. 6 студзеня 2020-га Магілёўскі абласны суд палічыў, што яна не разгледжаная належным чынам. Не была дадзена ацэнка кантэксту публікацыі, асобы аўтара і наступстваў зьяўленьня выявы ў сацыяльнай сетцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму яшчэ нельга скакаць? Што такое «экстрэмісцкі матэрыял» у Беларусі — 10 прыкладаў