Абвінавачаны па справе расейскага журналіста Івана Галунова былы паліцыянт Дзяніс Канавалаў прызнаў сваю віну і даў паказаньні супраць свайго былога начальніка Ігара Ляхаўца, паведамляе «Інтэрфакс».
«На мінулым тыдні ў ходзе вочнай стаўкі майго падабароннага Ляхаўца і яго былога падначаленага Канавалава [былы] паліцыянт заявіў, што гэта Ляхавец даў яму ўказаньні падкінуць Галунову наркотыкі. Канавалаў таксама цалкам прызнаў сваю віну,» — распавёў адвакат Ляхаўца Аляксей Каўрыжкін.
У камэнтары выданьню Znak.com адвакат заявіў, што паказаньні Канавалава «лёгка абвергнуць» і паабяцаў падаць усе патрэбныя доказы. Таксама Каўрыжкін выказаў сумнеў у законнасьці здабытых прызнаньняў. Паводле адваката, ягоны падабаронны «выдатна разумее, якім чынам былі здабытыя гэтыя паказаньні». «Ляхавец стаіць на сваім, віны не прызнае, вытрымкі не губляе, гатовы даказваць сваю невінаватасьць», — сказаў на заканчэньне Аляксей Каўрыжкін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад справы БелТА ў Беларусі да справы Галунова ў РасеіПа справе аб фальсыфікацыі доказаў і перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры затрыманьні журналіста Івана Галунова былі арыштаваныя пяцёра супрацоўнікаў расейскай паліцыі. Усіх іх да 29 сакавіка зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар.
Журналіста выданьня «Медуза» Івана Галунова затрымалі 6 ліпеня 2019 году па падазрэньні ў незаконным збыце наркотыкаў. Журналіст назваў справу супраць сябе сфабрыкаванай у сувязі зь ягоным расьсьледаваньнем пра рытуальны бізнэс. Пасьля закрыцьця справы журналіста прызналі пацярпелым. Прокуратура прабачылася перад ім за незаконнае крымінальны перасьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: І Лукашэнку, і Пуціну трэба праваахоўныя органы, якія палохаюць — расейская праваабаронца