Успышка эпідэміі новага каранавірусу ў Кітаі пад канец 2019 году стала прычынай розных прагнозаў адносна далейшага разьвіцьця эпідэміялягічнай сытуацыі ў сьвеце.
Пэсымістычныя прагнозы дапускаюць, што новым каранавірусам, які атрымаў назву COVID-19, могуць заразіцца нават дзьве траціны чалавецтва, а колькасьць сьмерцяў дасягне 50 мільёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці памруць ад каранавірусу 50 мільёнаў чалавек?Аптымістычныя ацэнкі сытуацыі зьвяртаюць увагу на тое, што ў выніку высілкаў Кітаю і рэкамэндацый сусьветных эпідэміёлягаў, эпідэмію практычна ўдалося абмежаваць да адной краіны. Сама ж сьмяротнасьць ад COVID-19, дадаюць аптымісты, значна меншая, чым ад некаторых вірусаў, якія выклікалі міжнародныя эпідэміі ў недалёкім мінулым.
Параўноўваем сьмяротнасьць ад заражэньня каранавірусам COVID-19 са сьмяротнасьцю ад некаторых вірусаў, якія спараджалі (ці далей спараджаюць) сур’ёзны непакой у сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кітайцаў пусьцяць у Беларусь пасьля абсьледаваньня і запаўненьня анкеты. У Расею ня пусьцяць зусімCOVID-19 — сьмяротнасьць 2,5%
(Вострая рэсьпіраторная інфэкцыя 2019-nCoV)
Паводле афіцыйных зьвестак на дзень 19 лютага 2020, гэтым каранавірусам заразіліся каля 75 тысяч чалавек, памерлі 2 тысячы, выпісаліся здаровымі 13 тысяч.
SARS — 9,5%
(Цяжкі востры рэсьпіраторны сындром)
Эпідэмія SARS пачалася ў Кітаі ў 2002 годзе і ў наступным годзе перакінулася ў іншыя краіны. Усяго было афіцыйна адзначана 8437 выпадкаў захворваньня, зь якіх 813 скончыліся сьмяротным зыходам.
MERS — 36%
(Блізкаўсходні рэсьпіраторны сындром)
Першыя выпадкі заражэньня гэтым каранавірусам былі зафіксаваныя ў 2012 годзе ў Саудаўскай Арабіі. З таго часу кожны год рэгіструюцца захворваньні, выкліканыя MERS, ад адзінкавых выпадкаў да дзясяткаў. Паводле стану на пачатак 2020 году, у сьвеце зарэгістравалі 2,5 тысячы выпадкаў захворваньня, памерлі каля 900 чалавек.
Ebola — каля 50%
(Гемарагічная ліхаманка Эбола)
Буйныя ўспышкі захворваньня вірусам Эбола мелі месца ў Заходняй Афрыцы ў 2014—2015 гг.(Гвінэя, Сьера-Леонэ, Лібэрыя) і ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга ў 2018—2019 гг.
HIV — 2%
(Вірус імунадэфіцыту чалавека, ВІЧ)
У выніку заражэньня вірусам ВІЧ паніжаецца праца імуннай сыстэмы арганізму і разьвіваецца гэтак званы сындром набытага імуннага дэфіцыту (СНІД). Бяз доктарскага ўмяшаньня захворваньне выклікае сьмерць пацыента ў сярэднім праз 9–11 гадоў пасьля заражэньня. Паводле зьвестак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2018 годзе зь вірусам ВІЧ жылі 37,9 мільёнаў чалавек, памерлі — 770 тысяч.
Грып — 6%-22%
(ацэнка сьмяротнасьці ад выпадкаў цяжкага захворваньня)
У большасьці людзей прыкметы грыпу праходзяць на працягу тыдня без мэдычнай дапамогі. Аднак жа вірусы грыпу таксама спрычыняюць цяжкую хваробу і сьмерць. Паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогадовыя эпідэміі грыпу прыводзяць да 3–5 мільёнаў выпадкаў цяжкай хваробы і да 290–650 тысяч сьмерцяў ад рэсьпіраторных захворваньняў.