Польская паліцыя вызначыла нападнікаў на беларускага паляка

Адзін з нападнікаў

Паліцыі польскага горада Торунь удалося вызначыць асобы нападнікаў на расейскамоўную кампанію, паведамляе Польская тэлевізія. Здарэньне адбылося 9 лютага. Сярод пабітых быў і грамадзянін Беларусі.

А 1.30 ночы група сяброў зь Беларусі, Польшчы, Расеі і Ўкраіны накіроўвалася ў Стары горад. Паміж сабой яны размаўлялі на расейскай мове. На іх напалі некалькі чалавек і пачалі біць з крыкам «Польшча для палякаў!» і «Яб...ь украінцаў». У адной з ахвяраў пералом косьці чэрапа. У грамадзяніна Беларусі, паляка нацыянальнасьцю, сур’ёзных раненьняў зафіксавана не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы пабілі паляка зь Беларусі з крыкам «Польшча для палякаў»

Паліцыя заявіла, што напад адбыўся паводле нацыянальнай прыкметы.

Першапачаткова паліцыя меркавала, што нападнікаў было сямёра. У інтэрнэце апублікавалі фатаздымкі меркаваных нападнікаў. Пазьней выявілася, што дзьве асобы на гэтых здымках — выпадковыя мінакі. Яны самі зьвярнуліся ў паліцыю.

Паводле паліцыі, нападнікаў было шасьцёра. На мінулым тыдні быў затрыманы першы зь іх. Гэта непаўналетні жыхар гораду. Матэрыялы яго справы будуць перададзеныя ў сямейны суд.

Паліцыі ўжо ўдалося вызначыць асобы яшчэ трох нападнікаў. Але знайсьці іх пакуль не ўдалося. Паліцыя спрабуе высьветліць месца іх знаходжаньня.