Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пабілі паляка зь Беларусі з крыкам «Польшча для палякаў»


Польская паліцыя

Польская паліцыя шукае вінаватых у зьбіцьці іншаземцаў, якое адбылося ўначы з суботы на нядзелю ў Старым горадзе Торуня, піша Gazeta Wyborcza. Пяцёра іншаземцаў атрымалі раненьні. Сярод іх быў і грамадзянін Беларусі.

Здарэньне адбылося каля 1.30 ночы. Сярод ахвяраў нападу грамадзяне Беларусі, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Група сяброў акурат накіроўвалася ў Стары горад, паміж сабой яны размаўлялі на расейскай мове. Супрацоўнікі паліцыі заявілі прэсе, што напад адбыўся паводле нацыянальнай прыкметы.

Нападнікаў было сямёра. Іх фатаздымкі апублікавала мясцовая камэндатура паліцыі.

Адзін з нападнікаў
Адзін з нападнікаў

— У іх не было праблем, каб біць нават дзяўчыну. Сябра, рэпатрыяваны паляк, мае пералом косьці чэрапа, але, на шчасьце, гэта ня так сур’ёзна. На нас напалі пад лёзунгамі «Польшча для палякаў» і «Яб...ь украінцаў». Дадам, што толькі двое зь пяці былі ўкраінцамі. Больш за ўсё мяне ўразіла пасіўнасьць людзей, якія не рэагавалі і абыякава праходзілі побач, — напісаў у Фэйсбуку сьведка здарэньня, грамадзянін Польшчы.

Свабода скантактавалася з маладым чалавекам. У размове з намі ён дадаў, што самыя сурʼёзныя траўмы атрымаў паляк, які рэпатрыяваўся з Расеі. Яму будуць рабіць апэрацыю. Сярод ахвяраў быў і грамадзянін Беларусі, этнічны паляк. Пра гэта сказаў Свабодзе згаданы сьведка.

— Ён не ў шпіталі. Зь ім усё ў парадку.

Сьведка зьбіваньня расказаў, што прычынай была расейская мова, на якой гутарыла кампанія сяброў. Нападнікі накінуліся на іх, потым сышлі, а празь некаторы час вярнуліся і працягвалі біць.

Нападнік
Нападнік

Нядзельны інцыдэнт у Торуні асудзіў мэр Міхал Залескі.

— Гэта бандытызм і надзвычайная праява ненавісьці, зь якімі нельга зьмірыцца. Я рашуча асуджаю такія паводзіны! Я спадзяюся, што паліцыя хутка выявіць вінаватых, а суд іх пакарае. Нуль талерантнасьці да бандытаў!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG