У Мюнхэне 14 лютага пачала працу міжнародная канфэрэнцыя аб бясьпецы, якая патрывае тры дні. У гэтым традыцыйным форуме бярэ ўдзел больш за 500 высокапастаўленых палітыкаў з розных краінаў сьвету. Канфэрэнцыя праходзіць ужо 56-ы раз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мюнхэне на канфэрэнцыі аб бясьпецы сустрэнуцца сусьветныя лідэры. Ад Беларусі будзе МакейНапярэдадні канфэрэнцыі арганізатары па традыцыі апублікавалі аналітычны даклад пра апошнія тэндэнцыі ў сьвеце — «Мюнхэнскую справаздачу аб бясьпецы». Яе галоўная тэма ў гэтым годзе — фэномэн «адсутнасьці Захаду» на міжнароднай арэне. Аўтары дакладу лічаць, што ў апошні час шмат у каго ў сьвеце ствараецца ўражаньне, што Захад перастаў быць актыўным удзельнікам міжнародных працэсаў, у тым ліку і з прычыны глыбокіх рознагалосьсяў паміж заходнімі краінамі і ў саміх гэтых краінах.
Разьдзел дакладу, прысьвечаны Расеі, называецца «Пуцёмкінская дзяржава» — гэта відавочны намёк на прозьвішча расейскага прэзыдэнта і на фэномэн «пацёмкінскіх вёсак».
У 2007 годзе Ўладзімір Пуцін выступіў на канфэрэнцыі з так званай «Мюнхэнскай прамовай», у якой наўпрост абвінаваціў Захад у тым, што ён пагражае Расеі, і заявіў аб неабходнасьці «шматпалярнага сьвету». Многія камэнтатары разглядаюць гэтую прамову як вяху на шляху пераходу Расеі да канфрантацыі з Захадам.