Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мюнхэне на канфэрэнцыі аб бясьпецы сустрэнуцца сусьветныя лідэры. Ад Беларусі будзе Макей

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 14-16 лютага возьме ўдзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

«Міністар узначаліць беларускую дэлегацыю. Акрамя ўдзелу ў самой канфэрэнцыі, заплянаваны шэраг двухбаковых сустрэч і перамоваў», — адзначыў ён.

Свой удзел у імпрэзе пацьвердзілі кіраўнікі краін і ўрадаў 35 краін сьвету. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо.

Гэтаксама ў сьпісе топ-гасьцей Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг, міністры замежных спраў Кітаю, Ірану ды іншых дзяржаў.

Летась на аналягічную канфэрэнцыю быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка, аднак у апошні момант візыт у Нямеччыну быў скасаваны з прычыны сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

«У сувязі зь неабходнасьцю вырашэньня важных пытаньняў беларуска-расейскіх адносінах з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі ўдзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі не ўяўляецца магчымым», — гаварылася тады ў камэнтары МЗС Беларусі.

Ці дасылалася запрашэньне Лукашэнку гэтым разам, у ведамстве не ўдакладняюць. Аднак вядома, што 14 лютага ён выправіўся з працоўнай паездкай у Сьветлагорск.

Мюнхэнская канфэрэнцыя ў бясьпецы — штогадовая сустрэча кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, NATO, АБСЭ і экспэртаў, якая праводзіцца ў гэтым горадзе ад 1962 году.

XS
SM
MD
LG