Кіраўнік МЗС Швайцарыі: «Спадзяемся, Беларусь пойдзе шляхам дэмакратызацыі» 

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей і кіраўнік Фэдэральнага дэпартамэнта замежных спраў Швайцарскай Канфэдэрацыі Іньняцыё Касіс

Швайцарыя спадзяецца, што Беларусь будзе ісьці шляхам дэмакратызацыі, і гатовая дапамагчы ў гэтым, сказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства гэтай краіны Іньняцыё Касіс пасьля перамоваў са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем.

Як паведамляе сайт МЗС Беларусі, 13 лютага ў Менску адкрылася амбасада Швайцарыі.

Касіс: «Лічым, што кірунак руху Беларусі правільны»

«Мы разьлічваем, што Беларусь будзе ісьці па шляху дэмакратызацыі, захаваньня правоў чалавека. Хоць разумеем, што гэты шлях нялёгкі і досыць доўгі, але лічым, што кірунак руху Беларусі правільны. Як любы дэмакратычны працэс, ён патрабуе часу і высілкаў», — сказаў Іньняцыё Касіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адкрылася амбасада Швайцарыі

Ён нагадаў, што Швайцарыя выступае супраць сьмяротнага пакараньня, таму гэтую тэму ўзьняў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. І лічыць важным крокам беларускага боку ў гэтым напрамку дзейнасьць парлямэнцкай рабочай групы ў пытаньні адмены вышэйшай меры.

Як паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба, на сустрэчы з Касісам Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі са Швейцарыяй заўсёды былі добрыя адносіны, але ёсьць куды расьці, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сфэры.

Падчас сустрэчы Іньняцыё Касіс запрасіў кіраўніка Беларусі на хакейны чэмпіянат, які мае прайсьці ў Швайцарыі сёлета ў траўні.

«Я хацеў бы запрасіць вас наведаць адзін з матчаў чэмпіянату. Гэта быў бы першы, такі неафіцыйны, але вельмі важны крок» — сказаў ён падчас сустрэчы з Лукашэнкам. Відэа размовы апублікаваў блізкі да прэсавай службы Лукашэнкі Телеграм-канал «Пул Первога».

Лукашэнка падзякаваў Касісу і адзначыў, што «калі так здарыцца, мы даручым Пэтэру Шпулеру (уладальніку кампаніі Stadler Rail Group) арганізацыю гэтага візыту».

Макей: «Нельга ўзяць Беларусь і перанесьці ў камфортнае месца»

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, як піша БелТА, адмоўна адказаў на пытаньне журналістаў аб тым, ці можа Беларусь выйсьці з-пад расейскага ўплыву.

«Беларусь, як і Швайцарыя, ня можа выйсьці са сфэры чыіхсьці інтарэсаў, са сфэры інтарэсаў вялікіх суседзяў, — сказаў ён. — На жаль, нельга ўзяць Беларусь і Швайцарыю і перанесьці ў нейкае іншае, больш камфортнае месца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вардамацкі: Ладная частка беларусаў хоча і ў ЭЗ, і адкрытую мяжу, і адсутнасьць мытні з Расеяй

Пры гэтым Макей адзначыў, што Беларусь і Швайцарыя заўсёды будуць мець шмат агульных інтарэсаў, якім бы ня быў уплыў большых геапалітычных сілаў.