Рэйтынг даверу Пуціну за два гады ўпаў амаль удвая

Ілюстрацыйнае фота

Крыху больш за траціну расейцаў (35 адсоткаў) давяраюць цяпер прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, вынікае са студзеньскага апытаньня «Левада-цэнтру», вынікі якога публікуюць «Ведомости».

У сьнежні 2017 году рэйтынг даверу Пуціну складаў 60 адсоткаў — за два гады ён зьнізіўся траха не ўдвая. У той жа час, паводле апытаньня сацыёлягаў, зь верасьня 2019 году ўзрос давер да міністра абароны Расеі Сяргею Шайгу (з 13 да 19%) і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова (з 14 да 17%).

Акрамя таго, «Левада-цэнтар» упершыню замераў рэйтынг новага прэм’ера-міністра Міхаіла Мішусьціна: пакуль яму давяраюць толькі 3% апытаных, не давяраюць 4%.

Тых, хто не давярае нікому ці ня змог адказаць, 39%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сымпатыі расейцаў да Пуціна зьнізіліся да ўзроўню пачатку «балотных» пратэстаў, — апытаньне

У траўні 2019 году Ўсерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі зафіксаваў гістарычнае зьніжэньне рэйтынгу даверу да прэзыдэнта Пуціна — 31,7%. Пасьля гэтага сацыёлягі пачалі публікаваць дадзеныя паводле іншай мэтодыкі апытаньня, але і паводле яе давер зьнізіўся.

Кіраўнік «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў сказаў, што такі спад рэйтынгу Пуціна «тлумачыцца ўстойлівым раздражненьнем расейцаў і стомленасьцю ад прэзыдэнта». «Яго новая рыторыка, якая тычыцца сацыяльных тэмаў, дае кароткачасовы эфэкт. Падзеньне пачалося даўно, і гэта нават не эфэкт пэнсійнай рэформы 2018 году: яно ідзе павольна і паступова, і гэта больш паказальны трэнд, чым рэзкія скокі рэйтынгу. Нарастае нездаволенасьць становішчам спраў у эканоміцы, немагчымасьцю нармальна зарабляць», — кажа Гудкоў.

Пры гэтым іншы паказьнік — рэйтынг ухваленьня дзейнасьці прэзыдэнта — працягвае заставацца на адным і тым жа ўзроўні (60-70%). Гэта тлумачыцца тым, што давер тычыцца перш за ўсё ацэнкі сацыяльнай сфэры, ухваленьне ж зьвязана з замежнай палітыкай, рыторыкай «бацькоўскага клопату», тлумачыць Гудкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узьлёт і падзеньне Пуціна... у Беларусі