Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа апублікавала праект бюджэту на 2021 фінансавы год, які пачынаецца ў кастрычніку. Праект прадугледжвае даходы ў памеры 3,86 трыльёна даляраў і выдаткі на 4,84 трыльёна.
Сярод іншага Белы дом прапануе вылучыць больш за 700 мільёнаў даляраў на «супрацьдзеяньне расейскаму ўплыву шляхам умацаваньня саюзьнікаў ЗША». Грошы накіруюць саюзьнікам ЗША ў краінах Эўропы, Эўразіі і Цэнтральнай Азіі для:
- умацаваньня агульнай бясьпекі і абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці,
- падтрымкі намаганьняў краінаў-партнэрак адмовіцца ад расейскай зброі,
- «ліквідаваньня слабых бакоў у макраэканамічным асяродзьдзі, якія ўрад Расеі імкнецца эксплюатаваць» (напрыклад, залежнасьць ад электраэнэргіі і гандлю).
Яшчэ 24 мільёны даляраў прапануецца выдзеліць на супрацьдзеяньне «расейскай дэзынфармацыі і прапагандзе».
Гэта апошні праект бюджэту, прапанаваны адміністрацыяй Дональда Трампа перад выбарамі прэзыдэнта ЗША ў лістападзе 2020 году.
Прэзыдэнцкі праект бюджэту — накіраваны Кангрэсу запыт, у якім гаворыцца аб прыярытэтах цяперашняй адміністрацыі. Заканадаўцы Палаты прадстаўнікоў і Сэнату Кангрэсу самі распрацоўваюць і зацьвярджаюць урадавыя выдаткі, пасьля чаго выніковы дакумэнт падпісвае або адхіляе прэзыдэнт ЗША.