Лукашэнка з Пуціным пасьнедалі ў Сочы, а расейскія міністры, адказныя за інтэграцыю, не змаглі прызямліцца 

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Як паведамляе блізкі да Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Первого», самалёт з расейскімі чыноўнікамі, якія павінны ўдзельнічаць у перамовах паміж кіраўнікамі Расеі і Беларусі, так і не прызямліўся ў Сочы.

Праз дрэнныя ўмовы надвор’я самалёт адляцеў на аэрадром у Мінэральныя Воды. Раніцай з гэтай жа прычыны самалёт дзьве гадзіны чакаў спрыяльнага моманту, каб адляцець з Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Момант ісьціны» ў стасунках Лукашэнкі і Пуціна 

Тым часам Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, якія прыбылі ў Красную Паляну раней за чыноўнікаў, распачалі перамовы за зачыненымі дзьвярыма ў фармаце дзелавога сьняданку.

Цягам 2019 году ўрады дзьвюх краінаў распрацоўвалі так званы інтэграцыйны пакет — тры дзясяткі дарожных мапаў у розных сфэрах. Аднак шэраг пытаньняў так і застаюцца адкрытымі. ​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: У нас супярэчнасьці з Расеяй на працягу 13 гадоў

Асноўныя спрэчкі зьвязаны з фармаваньнем цэнаў і пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны. Напярэдадні прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што толькі падатковы манэўр Расеі ў нафтавай галіне абышоўся Беларусі ў 2019 годзе ў блізу 330 млн даляраў.

Акрамя таго, не ўрэгуляваны мэханізм кампэнсацыі расейскім бокам за пастаўленую летась у красавіку праз трубаправод «Дружба» брудную нафту. Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы былі вымушаныя зьнізіць загрузку магутнасьцяў і панесьлі істотныя страты, шкода нанесена і трубаправоднай сыстэме.