У Палаце прадстаўнікоў створаць групу супрацы з Кангрэсам ЗША

Палата прадстаўнікоў 6 сьнежня 2019

Такая група будзе створана ў Беларусі ўпершыню, у яе ўвойдуць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, паведаміў БелТА старшыня пастаяннай камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Савету Рэспублікі Сяргей Рачкоў..

Сяргей Рачкоў заявіў, што адбываецца «працэс нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў».

«Мы заўсёды падкрэсьлівалі і падкрэсьліваем, што выступаем за канструктыўны і раўнапраўны дыялёг з ЗША, за пашырэньне супрацоўніцтва ўва ўсіх кірунках і пытаньнях, што маюць узаемны інтарэс. У тым ліку мы гатовыя і да паглыбленьня адносінаў на міжпарлямэнцкім узроўні. Дастаткова сказаць, што цяпер завяршаецца фармаваньне рабочай групы ўзаемадзеяньня з Кангрэсам ЗША», — сказаў Сяргей Рачкоў.

1 лютага Беларусь наведаў дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Пампэо: «У нас дыктатура ў тым, што ўсе адпачываюць, а прэзыдэнт працуе»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША неўзабаве прызначаць амбасадара ў Беларусі

Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае

  • ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
  • У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
  • Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.

  • Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
  • Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
  • У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.

  • У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
  • У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
  • З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
  • У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
  • У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
  • Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
    З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.

11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю

  • У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
  • У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
  • У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.