Эўрапарлямэнт большасьцю галасоў ухваліў пагадненьне аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу. За дакумэнт прагаласаваў 621 дэпутат, 49 былі супраць і 13 устрымаліся.
Адразу пасьля галасаваньня дэпутаты ўсталі і, узяўшыся за рукі, выканалі традыцыйную шатляндзкую песьню Auld Lang Syne. Яе часта сьпяваюць на сходах і пры сустрэчах, калі прыходзіць час расставацца. Некаторыя чальцы парлямэнту не маглі стрымаць сваіх эмоцый.
Канчаткова пагадненьне павінна зацьвердзіць Рада Эўразьвязу. Чакаецца, што гэта адбудзецца 30 студзеня. Выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ чакаецца 31 студзеня апоўначы (паводле цэнтральнаэўрапейскага часу).
Лёндан пакідае Эўразьвяз праз 3 з паловай гады пасьля рэфэрэндуму аб Brexit, на якім большасьць выбарнікаў выказаліся за выхад. Дату Brexit тройчы пераносілі, бо брытанскі парлямэнт адмаўляўся ўхваліць заключанае з Эўразьвязам пагадненьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Brexit завяршаецца ня кропкай, а коскай. І гэтай коскі нямаПасьля выхаду Брытаніі з Эўразьвязу пачнецца пераходны пэрыяд, які скончыцца 31 сьнежня 2020 году. Да гэтага часу Брытанія мае заключыць новае гандлёвае пагадненьне з Брусэлем.
Вялікая Брытанія далучылася да Эўразьвязу ў 1973 годзе і стала першай краінай, якая пакінула яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія захавае санкцыі адносна Беларусі пасьля Brexit