Вярхоўны Суд ЗША дазволіў зрабіць больш жорсткімі правілы выдачы Green Card

Вярхоўны суд ЗША 27 студзеня ўхваліў узмацненьне міграцыйных правілаў, падрыхтаванае адміністрацыяй прэзыдэнта Дональда Трампа, піша Deutsche Welle.

У далейшым легальным мігрантам, якія атрымліваюць у ЗША сацыяльную дапамогу, будзе складаней атрымаць дазвол на пастаяннае знаходжаньне ў краіне (так званую грын-карту).

Як пішуць СМІ, працэдура атрыманьня віду на жыхарства ў ЗША будзе больш складанай для тых, хто:

  • мае нізкі ўзровень даходу,
  • разьлічвае на атрыманьне сацыяльнай дапамогі: ільготнага жыльля, мэдыцынскай страхоўкі, талёнаў на харчаваньне і інш.,
  • пакутуе ад захворваньняў, якія могуць запатрабаваць сур’ёзнага лекаваньня, а таксама перашкодзіць чалавеку працаваць і забясьпечваць сябе,
  • недастаткова валодае ангельскай мовай, бо, на думку заканадаўцаў, гэты фактар не дазволіць людзям знайсьці працу.

Закон будзе мець і зваротную сілу: мігрантам, якія знаходзяцца ў ЗША на легальных умовах і атрымліваюць сацыяльную дапамогу, стане складаней падоўжыць сваю грын-карту.

Новаўвядзеньні могуць закрануць каля 22 мільёнаў чалавек без амэрыканскага грамадзянства, якія законна знаходзяцца ў Злучаных Штатах.

Раней улады ЗША зрабілі больш жорсткімі ўезд у краіну цяжарным турысткам.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў барацьбу зь нелегальнай іміграцыяй адной з галоўных тэмаў сваёй перадвыбарнай кампаніі і працягнуў гэтую лінію ўжо ў якасьці кіраўніка Белага дома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іміграцыйная рэформа Трампа: хто выйграе, а хто прайграе