У Кіеве ў дзень нараджэньня Міхася Жызьнеўскага ўшанавалі яго памяць. ФОТА

Акцыя ўшанаваньня памяці Міхася Жызьнеўскага, Кіеў, 26 студзеня 2020

Зь невялікага веча на Міхайлаўскай плошчы ў цэнтры Кіеву пачалася акцыя ўшанаваньня памяці Героя Ўкраіны, беларуса Міхася Жызьнеўскага, які стаў адной зь першых ахвяраў у часе масавых акцыяў пратэсту ва Ўкраіне ў 2013–2014 гадах.

Арганізатарамі маршу памяці выступілі некалькі беларускіх і ўкраінскіх грамадзкіх арганізацый — рух салідарнасьці «Разам», Правы сэктар, добраахвотніцкі рух «АУН», Міжнародны дабрачынны фонд «Валошка», УНСО, Міжнародны рух украінскіх супольнасьцяў, Украінская нацыянальная рада ды іншыя.

Удзельнікі акцыі дзяліліся ўспамінамі аб Эўрамайдане і іншых героях Нябеснай сотні, якія загінулі ў выніку супрацьстаяньня.

Упершыню на марш памяці Міхася Жызьнеўскага прыйшоў вязень Крамля, адзін зь лідэраў УНА-УНСО Мікола Карпюк, які неўзабаве пасьля гібелі беларуса быў арыштаваны ў Расеі «за ўдзел у першай чачэнскай вайне». Асуджаны расейскім судом да 22,5 гадоў увязьненьня Мікола Карпюк быў вызвалены летась у верасьні ў рамках абмену вязьнямі між Расеяй і Ўкраінай.

«Міхась быў мройнікам і жыцьцярадасным чалавекам, заўсёды выпраменьваў энэргію дабра і радасьці, нягледзячы на тое, што жыцьцё ягонае было складанае, яму давялося выехаць зь Беларусі. Ён ніколі не зьвяртаў увагі на дробязі. Гэта чалавек, які быў мэтанакіраваны, чалавек, апантаны ідэямі», — сказаў Свабодзе Мікола Карпюк, успамінаючы Міхася Жызьнеўскага.

У акцыі, санкцыянаванай гарадзкімі ўладамі Кіеву, удзельнічалі больш за 200 грамадзян. Пад сьцягамі сваіх арганізацый яны прайшлі шэсьцем тым жа маршрутам, як ў 2014 годзе ўдзельнікі акцый пратэсту праводзілі ў апошні шлях Міхася Жызьнеўскага: ад Міхайлаўскага сабору, праз Сафійскую і Тэатральную плошчы, вуліцамі Хмяльніцкага, Крашчацік, Майданам Незалежнасьці да вуліцы Грушэўскага, дзе цяпер усталяваныя два памятныя знакі ў яго памяць. калёну цягам усяго маршруту суправаджалі паліцэйскія машыны, якія перакрывалі рух, каб калёна не разрывалася.

Цягам маршу ўдзельнікі выконвалі ўкраінскі гімн і патрыятычныя песьні, выгуквалі «Слава Ўкраіне!» і «Жыве Беларусь!».

На вуліцы Грушэўскага ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць Міхася Жызьнеўскага хвілінай маўчаньня.

Міхась Жызьнеўскі браў удзел у акцыі пратэсту ў Кіеве зь першых дзён — ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан. Беларус пасьмяротна ўганараваны двума вышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны — званьнямі і ардэнамі Героя Нябеснай сотні і Героя Ўкраіны.

Адпаведныя ўказы падпісаў тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. І сёньня ён згадаў пра Міхася Жызьнеўскага ў адмысловым допісе на сваёй старонцы ў Facebook:

«Міхась Жызьнеўскі нарадзіўся ў Беларусі, але ў 2013 годзе бясстрашна стаў плячом да пляча з украінцамі, каб абараняць ідэалы Свабоды і Годнасьці на Майдане. 22 студзеня 2014 году ягонае жыцьцё абарвала снайпэрская куля. Сёньня яму споўнілася б 32 гады… Героі не паміраюць!».

26 студзеня 2014 году на разьвітаньне з Міхасём Жызьнеўскім прыйшлі каля 10 тысяч чалавек. Забойца дагэтуль ня знойдзены.