Каштанавы горад. Чаму ў Горадні гінуць дрэвы, і на што пойдуць 400 тысяч даляраў

Каштанавыя алеі абапал вуліцы Горкага ў Горадні

Каб уратаваць каштаны ў Горадні, гораду дадуць 400 тысяч даляраў. Чаму грошы могуць быць патрачаныя марна і як сапраўды трэба абараняць дрэвы, Свабодзе патлумачыў горадзенскі краязнаўца і біёляг Ігар Лапеха.

У Горадні засталося каля 20 старых каштанаў

Горадня атрымае 368 552 эўра на тое, каб абараніць конскія каштаны ад шкоднай молі-«мінэра», паведамляе «Гродзенскі зялёны партал». Грошы на абарону 2 тысяч горадзенскіх дрэваў выдзеляць у рамках трансьмежнага праекту Эўразьвязу «Латвія, Літва, Беларусь». Адначасна ратаваць каштаны будуць у літоўскіх Друскеніках.

З тым, што ў Горадні каштаны ў кепскім становішчы, пагаджаецца біёляг Ігар Лапеха. Але ён абвяргае, што неўзабаве гэты род дрэваў з прычыны хваробаў можа зьнікнуць з гарадзкіх вуліц.

Ігар Лапеха

«Горадня і цяпер застаецца каштанавым горадам. Нават у большай ступені, чым Кіеў. У Горадні каштаны зьявіліся ў канцы XVIII стагодзьдзя, у Кіеве — у сярэдзіне XIX», — кажа навуковец.

Праўда, некалі для гэтых дрэваў былі лепшыя часы. Іх пачалі саджаць пры горадзенскім старасту Антонію Тызенгаўзу і запрошаным ім з Францыі батаніку Жану Жылібэру. У адным са спальных раёнаў гораду, на вуліцы Рэпіна, каштаны пражылі каля 250 гадоў. У іх там быў «таўшчэзны ствол», густая, круглая крона.

Лапеха паказвае рукамі таўшчыню тых дрэваў і называе іх унікальным ляндшафтным аб’ектам. Аднак апошнія экзэмпляры на Рэпіна высеклі на пачатку 2000-х гадоў.

Старыя каштаны дасягалі мэтра ў таўшчыню

Каштаны на вуліцы Рэпіна

Цяпер некалькі самых старых каштанаў у горадзе можна знайсьці ў парку Жылібэра, паблізу — у даліне ручая Юрыздыкі каля вуліцы Міцкевіча, а таксама ў сквэры побач з Савецкай плошчай — сафіёўскія каштаны, якія саджалі абапал Сафійскага на той час сабору, або Фары Вітаўта.

Каштан з тоўстым ствалом і магутнымі каранямі ў даліне Юрыздыкі (пасярэдзіне)

Агулам каштанаў дасавецкай эпохі ў Горадні засталося каля дваццаці. Усяго — каля 2 тысяч.

Каштан, які памятаў Элізу Ажэшку, на вуліцы яе імя, сьпілавалі ў 2016 годзе, бо калі там паклалі плітку, ён засох.

Пра каштан Элізы Ажэшкі нагадвае пусты квадрат

Каштаны распаўсюджваюць грыбок на іншыя дрэвы

Цяпер улетку каштаны выглядаюць хворымі: у іх жоўтае, жухлае, сухое лісьце. Аднак прычына ня толькі ў шкодных матыльках.

Раней Горадня была значна зелянейшая. Пачатак 2000-х гадоў

Каля Сьвята-Пакроўскага сабору на вуліцы Ажэшкі. Пачатак 2000-х гадоў

Плошча Леніна ў Горадні. Пачатак 2000-х гадоў

«Давайце пагаворым пра фізіялёгію молі-„мінёра“», — запрашае на імправізаваную вулічную лекцыю Ігар Лапеха.

Гэты матылёк мае «рост» усяго 6 мілімэтраў. Зімуе ў апалым лісьці. У траўні вылятае і адкладае яйкі на дрэвах каштанаў. Размнажаецца за сэзон пяць разоў.

Моль шкодзіць лісьце мэханічным спосабам — прагрызае ў ім дзіры. Абірае менавіта каштан, бо ягонае лісьце вельмі тоўстае і сакавітае.

Гэта перашкаджае харчаваньню дрэва, запавольвае ягоны рост, аслабляе імунітэт. Таму на дрэва чапляецца грыбок, празь які лісьце ўжо сохне і жаўцее.

«Такім чынам каштаны становяцца каталізатарам інфэкцыі, бо распаўсюджваюць грыбок на іншыя дрэвы», — тлумачыць спэцыяліст.

Як змагацца з мольлю-«мінёрам»

  1. Прыбіраць увосень апалае лісьце. Разам зь ім загіне значная колькасьць молі.
  2. Паліваць улетку крону вадой са шлянга. Так рабіць можна на прыватных падворках зь невысокімі дрэвамі. Спосаб ня вельмі эфэктыўны, але дазваляе зьбіць з дрэва частку молі.
  3. Фэрамонавыя пасткі. На дрэва вешаюць ёмістасьць з пахучым алеем, які прываблівае насякомых, у тым ліку моль. Яны лятуць на водар і гінуць у алеі. Гэта спосаб досыць дарагі. Лямпкі з алеем трэба рэгулярна абнаўляць, калі водар выветрыцца або калі вадкасьць засьмеціцца. «Да таго ж алей з насякомымі потым трэба некуды выліваць», — пералічвае праблемы Лапеха.
  4. Абпырскваць дрэва хімічным сродкам. Паўтараць гэта трэба 5 разоў на сэзон. Прычым варта злавіць момант перад тым, як матылёк зьбіраецца адкласьці лічынкі. У людзей абпырскваньне можа выклікаць алергію.
  5. Увесьці хімічны сродак шляхам іньекцыі пад кару дрэва.

Гэта найбольш эфэктыўны спосаб з малымі затратамі. Адной іньекцыі хапае на цэлы сэзон. Лічынкі грызуць лісьце, труцяцца і паміраюць.

Алея каштанаў на вуліцы Горкага ў Горадні

Як паведамляў раней «Горадзенскі зялёны партал», у рамках трансьмежнага праекту плянуюць выкарыстоўваць два спосабы: зьбіраць і вывозіць апалае лісьце, а таксама вешаць фэрамонавыя пасткі. Паводле Лапехі, гэта ня самыя эфэктыўныя спосабы барацьбы са шкоднікамі.

«Што мяне найбольш зьдзівіла — пасадка 80 новых каштанаў за гэтыя грошы. Калі яны ў вас хварэюць, навошта садзіць каштаны? Няўжо іншых дрэваў няма, якія не хварэюць, якія прасьцей даглядаць?» — абураецца біёляг.

Ігар Лапеха заўважыў, што шмат каштанаў расьце на ўскрайку Горадні ў раёне Крэйдавых гор. Ён думае, што гэтыя дрэвы трэба сьпілоўваць, бо іх наўрад ці будуць апрацоўваць ад молі, а шкоднае насякомае будзе выжываць дзякуючы гэтым насаджэньням.

«Варта штогод выдзяляць пэўныя сродкі на барацьбу са шкоднікамі на кантраляваную колькасьць каштанаў, а ня толькі калі ёсьць грант. Мы павінны ўсьведамляць свае магчымасьці, пакінуць у горадзе столькі каштанаў, колькі мы можам уратаваць, а ўсё астатняе высекчы», — мяркуе Лапеха.

За дрэвы ў Горадні змагаліся цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў

Пра тое, што дрэвы трэба ратаваць ад молі і грыбка, адмыслоўцы казалі даўно. Прыкладам, у 2012 годзе ладзілася грамадзкая акцыя, у якой удзельнічалі і Ігар Лапеха, і выкладчыкі горадзенскіх унівэрсытэтаў. Яны маніторылі ўсе дрэвы ў горадзе, у тым ліку каштаны. Стваралі мапы з пазначэньнем здаровых і засохлых дрэваў. Правялі круглы стол з гарадзкімі ўладамі пра тое, як захаваць Горадню зялёнай.

«Калі горад гэтым не займаецца, варта асэнсаваць аб’ём, асэнсаваць задачы і прапанаваць альгарытм, каб нешта зрабіць з гэтай сытуацыяй, каб было больш-менш стабільна», — пракамэнтаваў Лапеха.

Матэрыялы 2012 году па маніторынгу дрэваў у Горадні

У выніку гэтай кампаніі распрацавалі рэкамэндацыі:

  • асьвятляць праблемы гарадзкіх дрэваў у СМІ;
  • унесьці зьмены ў гадавы бюджэтны плян: больш траціць грошай на санітарныя высечкі і кампэнсацыйныя пасадкі, менш — на пакосы травы;
  • правесьці санітарныя высечкі дрэваў па пералічаных адрасах;
  • на іх месцы зрабіць кампэнсацыйныя пасадкі;
  • правесьці хімічную апрацоўку дрэваў па шэрагу адрасоў;
  • увесьці пры гарвыканкаме пасаду фітапатоляга, які б не ўваходзіў у іншыя арганізацыі.

Біёляг мяркуе, што ранейшыя маштабныя пасадкі больш эфэктыўныя, чым цяперашнія мініятурныя дрэўцы

Канчаткова мэтады барацьбы з мольлю ў Горадні яшчэ не абралі

Як патлумачыў галоўны інжынэр «Гродназелянбуду» Аляксандар Русак, мэтады барацьбы з мольлю-«мінёрам» у межах транспамежнага праекту Эўразьвязу яшчэ да канца ня вызначаныя. Папярэдне — гэта збор і зьнішчэньне апалага лісьця, дзе зімуе моль (мэханічны мэтад), а таксама фэрамонавыя пасткі (біялягічны мэтад). Варыянт, каб рабіць дрэвам хімічныя іньекцыі, таксама разглядаўся.

Цяпер супрацоўнікі «Гродназелянбуду» разам з навукоўцамі Горадзенскага аграрнага ўнівэрсытэту будуць шукаць найбольш эфэктыўныя спосабы барацьбы з насякомым-шкоднікам. Аналягічнае абмеркаваньне паралельна будуць весьці спэцыялісты ў Друскеніках.

«Задача такая, каб вызначыць, якім мэтадам найбольш правільна і эфэктыўна працаваць. Сёньня я вам не гатовы адказаць [пра канчатковыя мэтады]... Мэтодыка яшчэ не адпрацаваная», — сказаў галоўны інжынэр «Гродназелянбуду».

Аляксандар Русак удакладніў, што раней у Горадні не змагаліся з мольлю-«мінёрам».

«Пакуль масавасьці не было, то моцна і не змагаліся [з мольлю]. Нават баімся чапаць гэтыя каштаны, бо яны самі па сабе сохнуць», — сказаў спэцыяліст.

Ён дадаў, што трансьмежны праект па абароне каштанаў рыхтавалі амаль два гады.

Што яшчэ шкодзіць дрэвам у горадзе

Ігар Лапеха мяркуе, што дрэвы паступова забівае дзейнасьць чалавека. Самае небясьпечнае — класьці плітку або асфальт блізка да ствала ўжо дарослага дрэва. Тады яму перакрываюць сілкаваньне, і за некалькі гадоў расьліна засыхае. Так адбылося, прыкладам, з шэрагам ясеняў у парку Жылібэра пасьля рэканструкцыі сьцежак, зь ліпамі і каштанамі на вуліцы Горкага, з гэтай жа прычыны засох каштан Ажэшкі.

Плітка пакладзена надта блізка да ствала каштана ў парку Жылібэра

Адна з самых прыгожых і вялікіх ліпаў у Горадні пачала гінуць, калі нехта адламаў другі ствол у аснове дрэва

Абрэзка галінаў, паводле экспэрта, не вырашае праблемаў, а нішчыць дрэвы. Гэта, кажа ён, усё роўна як чалавеку адсекчы рукі. Прыкладам, у дуба галіны пасьля абрэзкі не аднаўляюцца.

Сьвяточныя ліхтарыкі таксама псуюць дрэвы, перашкаджаюць выпускаць галінкі, зьдзіраюць кару, калі іх здымаюць

Распаўсюджаная праблема беларускіх дрэваў — амяла

На думку Лапехі, лепей маладое дрэва садзіць адразу ў невялікую прастору, чым потым яго абмяжоўваць. Гэтаксама і крону лепш пачынаць фармаваць у маладога дрэва, чым рабіць голы пень з дарослага.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вечна жывому» Леніну з дрэваў на Берасьцейшчыне пагражае караед і ўсыханьне. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта агульная перамога». Асіповіцкі райвыканкам не дазволіў «Віталюру» будаваць супэрмаркет у гарадзкім парку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будаўнікі ў цемры ставяць плот вакол Грушаўскага сквэру. Жыхары выклікаюць міліцыю. ФОТА