ЗША выдвараць больш за 20 саудаўскіх курсантаў пасьля страляніны на вайсковай базе

Амэрыканскія сьледчыя на месцы страляніны на базе «Пэнсакола» ў Флорыдзе, 6 студзеня 2019

Улады ЗША 13 студзеня маюць аб’явіць аб высылцы на радзіму больш за 20 курсантаў з Саудаўскай Арабіі, якія праходзяць вайсковую падрыхтоўку ў ЗША.

Пра гэта паведамляе National Public Radio, спасылаючыся на двух чыноўнікаў, знаёмых з пытаньнем.

Высылка адбудзецца ў сувязі са стралянінай на базе Ваенна-марскіх сіл ЗША «Пэнсакола» ў Флорыдзе ў сьнежні, у якой курсант з Саудаўскай Арабіі застрэліў трох маладых маракоў і параніў васьмярых. Сам нападнік таксама загінуў у страляніне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савудаўскі курсант застрэліў трох амэрыканскіх вайскоўцаў

Згаданыя амэрыканскія чыноўнікі паведамілі, што саудаўскія курсанты, якія будуць высланыя з краіны, выклікалі шэраг засьцярог у фэдэральных сьледчых. Сярод іншага, некаторыя саудаўскія курсанты не папярэдзілі ўладаў пра экстрэмісцкія схільнасьці стралка. Сьледчыя мяркуюць, што стралок і іншыя саудаўскія навучэнцы глядзелі відэазапісы іншых масавых расстрэлаў перад стралянінай на базе «Пэнсакола».

Пасьля страляніны на базе «Пэнсакола» Пэнтагон спыніў апэратыўную падрыхтоўку ўсіх вайскоўцаў Саудаўскай Арабіі ў ЗША на нявызначаны тэрмін.