Султану Аману Кабус бэн Саіду было 79 гадоў. Перад сьмерцю ён доўга хварэў, паведамляе Reuters.
У Кабуса бэн Саіда не было нашчадкаў. Новага султана абірала рада сям'і, якая кіруе. Цяпер яна ўключае каля 50 чалавек.
Новым султанам краіны стаў 65-гадовы Хэйс бэн Тарэк Аль-Саід, стрыечны брат Кабус бэн Саіда, паведамляе тэлеканал «Аль-Джазіра». Раней ён займаў пасаду міністра культуры і спадчыны Аману. Апроч гэтага, кіраваў праграмай эканамічнага разьвіцьця Аману да 2040 году.
Апошнім часам Кабус бэн Саід хварэў на рак. У сьнежні султан быў у Бэльгіі, праходзіў мэдыцынскае абсьледаваньне. У сувязі са сьмерцю ў Амане абвясьцілі трохдзённую жалобу.
Кабус бэн Саід нарадзіўся ў 1940 годзе ў сям'і султана Маската Саіда бэн Таймура. У 1970 годзе ён прыйшоў да ўлады ў выніку бяскроўнага палацавага перавароту. Пасьля гэтага султанат Маскат перайменавалі ў султанат Аман.
Султан займае пасаду прэмʼер-міністра, галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі, міністра абароны, міністра фінансаў і замежных спраў у Амане.